Традыцыі святкавання Божага Нараджэння ў сям’і Кулак

Заўсёды прыемна бачыць адукаваных, культурных і выхаваных маладых асобаў. З імі цікава пагаварыць, яны ўражваюць інтэлектуальнымі здольнасцямі, умеюць падтрымаць гутарку, а ў іх лексіконе няма месца для дрэнных слоў і пахабных жартаў. Тады прыходзіць думка, што з выхаваннем гэтых асобаў у іх бацькоў усё атрымалася.

Усе мы родам з сям’і. Менавіта сям’я з’яўляецца першасным асяродкам сацыялізацыі асобы. Яна прывівае маральныя каштоўнасці, вучыць дабрыні, спагадзе, чалавечнасці, закладвае асновы веры і духоўнасці. Яе ролю для грамадства нельга недаацэньваць. Арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй гаміліі падчас Імшы ў свята Святой Сям’і адзначыў такую думку: “Калі Бог выбраў сям’ю для прыйсця свайго Сына ў гэты свет не як нейкага касмічнага прышэльца, але як чальца чалавечай сям’і, то і мы павінны адпаведным чынам ставіцца да сям’і і яе каштоўнасцяў, з Божай дапамогай перамагаючы ўсе крызісы”. З гэтай думкай немагчыма не пагадзіцца. Сам Бог, прыйшоўшы ў сям’ю, падкрэсліў важнасць гэтага інстытута, яго вялікую вартасць і веліч. Каштоўнасці, якія асоба атрымлівае ў сям’і, трывала ўваходзяць у жыццё, іх немагчыма знішчыць і выкараніць. Тут жа адбываецца і духоўнае станаўленне асобы, прывіваюцца хрысціянскія каштоўнасці. Напярэдадні самага прыгожага хрысціянскага свята мы пабывалі ў гасцях у шматдзетнай сям’і Кулак, акунуліся ў перадсвяточную падрыхтоўку, пагутарылі пра традыцыі, звычаі, звязаныя з Божым Нараджэннем.

Гісторыя знаёмства

З хваляваннем і настальгіяй Вольга і Павел прыгадваюць гісторыю свайго знаёмства. Оля тады вучылася ў старэйшых класах. Дзяўчына разам з сяброўкамі па выхадных часта наведвала вясковы аддзел культуры ў Міхайлоўшчыне. Вясковая моладзь збіралася, каб патанцаваць, пагутарыць і павесяліцца. Час ад часу вечарыны наведваў і Павел. Сур’ёзны і разважлівы малады чалавек скептычна ставіўся да такіх мерапрыемстваў. Аднак, заўважыўшы аднойчы Олю, яму захацелася зноў і зноў прыходзіць сюды, каб хоць некалькі хвілінак пабачыць усмешлівую прыгажуню. У той час у дзяўчыны былі доўгія светла-русыя валасы. Яна заўсёды звонка смяялася і шчыра жартавала. Усе гэтыя якасці падабаліся Паўлу. Ён і сам не паспеў заўважыць, як закахаўся. Дзяўчына таксама прыязным вокам пазірала на Паўла, які быў на некалькі гадоў старэйшым за яе. Яго тактоўнасць, інтэлігентнасць і высокі ўзровень культуры падкупілі з першых хвілін знаёмства.

У хуткім часе хлопец і дзяўчына пасябравалі. Оля ў той момант вучылася ў дзясятым класе. Прыгожае і чыстае каханне давала маладым людзям крылы, дапамагала раскрыць найлепшыя якасці. Штодня закаханыя адпраўлялі адно аднаму паведамленні, па некалькі разоў на дзень стэлефаноўваліся, а ў вольны час і сустракаліся.

Потым Павел пайшоў у войска. Оля дала слова каханаму дачакацца яго. Каб чаканне было не такім цяжкім і тужлівым, яна пачала вышываць крыжыкам адмысловую карціну. Памер палатна ўражваў. Патрабавалася шмат часу і сілы, каб скончыць распачатую справу. Але Вольга верыла, што і карціну яна скончыць, і каханага з войска дачакаецца…

Крокі да веры

Сваё слова дзяўчына стрымала: карціна была скончаная своечасова. Вярнуўся з войска і яе любы. З вялікай радасцю Оля абдымала дарагога чалавека, ад якога доўгі час аддзялялі шматлікія кіламетры. Пасля заканчэння школы Оля паступіла ў Слонімскі медыцынскі каледж. У яе з’явілася кола новых сяброў. Вялікі ўплыў на светапогляд дзяўчыны аказала і жанчына, у якой навучэнка здымала кватэру. Хатняя гаспадыня пані Яніна была пабожнай асобай. Оля не раз назірала за тым, як жанчына моліцца, наведвае касцёл. Пакрысе гаспадыня пачала расказваць Олі пра каталіцкую канфесію. Вольга была ахрышчаная ў праваслаўнай царкве, якую наведвала час ад часу. У яе роднай вёсцы была царква, але пастаяннага святара не было. Таму ў храм Вольга прыходзіла толькі па вялікіх святах. Неяк аднойчы жанчына прапанавала сваёй кватарантцы пайсці разам у касцёл. Олі хацелася пабываць на святой Імшы, адчуць атмасферу, якая так прываблівае пані Яніну. Дзяўчына перажывала, што не ведае малітваў і звычаяў Каталіцкага Касцёла, аднак гаспадыня супакоіла яе. На Імшы Вользе спадабалася. Пакрысе яна стала сістэматычна прыходзіць у касцёл разам з пані Янінай. Яшчэ адной матывацыяй для дзяўчыны стаў Павел. Хлопец паходзіў з каталіцкай сям’і, што практыкавала веру. І сам ён змалку прымаў удзел у нядзельных Імшах, наведваў дадатковыя набажэнствы і катэхезу. Праз пазнанне традыцый Касцёла дзяўчына нібыта яшчэ больш набліжалася да свайго каханага, вучылася глядзець на рэчы яго вачыма.

З Богам па жыцці

У 2012 годзе маладыя людзі ажаніліся. Сваё жыццё Вольга і Павел цвёрда вырашылі пачынаць з Богам, таму шлюб быў абавязковай умовай. Да таго часу Вольга ўжо стала наведвала касцёл і ведала, што сваё сужэнства заключыць менавіта ў касцёле. Дзяўчына меркавала, што муж – галава сям’і, таму жонка павінна ва ўсім ісці за ім. У пытаннях рэлігійнай прыналежнасці – асаблівым чынам. Сумеснае жыццё было напоўненае шчаслівымі і прыгожымі момантамі. З першых дзён сужэнцы вучыліся павазе і трапяткім адносінам, уменню прабачаць і па-сапраўднаму кахаць.

У 2013 годзе ў маладой сям’і адбылася радасная падзея – на свет з’явілася дачушка Сафія. Маладыя бацькі агарнулі немаўлятка клопатам і апекай. І ў першыя месяцы жыцця ахрысцілі яе ў касцёле. У 2015 годзе нарадзіўся сын Міраслаў. Калі нарадзіўся сын, бацькі ўжо мелі пэўны вопыт у выхаванні дзяцей, умелі раздзяляць абавязкі. А ў 2020 годзе сям’я папоўнілася яшчэ адным чалавекам – маленькім Арцёмам. Цяпер ужо не толькі бацькі, але і старэйшыя брат і сястра імкнуліся атуліць Арцёма клопатам і апекай. На сённяшні дзень у сям’і сфарміраваліся свае традыцыі і звычаі. Кожную нядзелю і ўрачыстасць сям’я ў поўным складзе едзе на святую Імшу. Найбліжэйшы касцёл знаходзіцца за шэсць кіламетраў ад вёскі. Разам з сынам, нявесткай і ўнукамі едзе і бабуля Яніна Адольфаўна, якая жыве разам. Дзеці ведаюць, што прычынай пропуску богаслужэння можа стаць толькі сур’ёзная хвароба. Аднак, як адзначаюць бацькі, у касцёл дзятва спяшаецца з радасцю. З асаблівым хваляваннем Сафія, Міраслаў і Арцём чакаюць раратніх Імшаў, на якіх пануе асаблівая атмасфера. Штогод дзеці ўласнаручна робяць ліхтарыкі з падручных матэрыялаў, імкнучыся надаць сваім вырабам эстэтычны выгляд. Да гэтай справы далучаюцца і бацькі. Мама дапамагае знайсці ідэі для ўпрыгожання, а на плячах таты – тэхнічны бок.

Божае Нараджэння сёння

Зусім хутка загучыць традыцыйнае “Gloria in excelsis Deo”, а на свет прыйдзе Той, Каго так чакае кожнае чалавечае сэрца. Менавіта Бог з’яўляецца цэнтрам жыцця кожнага хрысціяніна. Таму радасць ад нараджэння Збаўцы не паддаецца вымярэнню: яна бясконцая, вечная, невычэрпная. Сям’я Кулак загадзя рыхтуецца да свята. Павел выбірае ў лясніцтве самую прыгожую елачку. На дзецях – упрыгожанне каляднага дрэва. А ўсе клопаты пра святочны стол бяруць на сябе жанчыны – Яніна Адольфаўна і Вольга. Яны раздзяляюць паміж сабой абавязкі. Пакуль свякроў смажыць рыбу, нявестка займаецца выпечкай. Далучаюцца да кулінарнай справы і дзеці. Разам з мамай яны выпякаюць святочную здобу ў выглядзе анёлкаў, зорачак і чалавечкаў. Оля ўжо добра засвоіла ўсе традыцыі і звычаі. І зараз, па большай частцы, кіруе працэсам яна, бо Павел, як і кожны мужчына, можа пра штосьці забыцца. Месячы цеста, маладая гаспадыня прыгадвае той момант, калі ўпершыню трапіла за вігілійны стол. А было гэта ў той час, калі яна вучылася ў Слоніме. Пані Яніна тады запрасіла яе за агульны стол, дзе сабралася ўся вялікая сям’я. Дзяўчына з цікавасцю назірала за тым, як сям’я сумесна моліцца, а пасля дзеліцца аплаткам. Кожны чалец сям’і пані Яніны падышоў тады і да Олі. Усе складалі пажаданні і абдымалі дзяўчыну. Столькі шчырасці, цеплыні і лагоды яна адчула ў той момант ад ледзьве знаёмых людзей!

Гэта сітуацыя яе вельмі расчуліла. Сёння штосьці падобнае Павел і Вольга імкнуцца зрабіць і ў сваёй сям’і. Пакуль дзеці рыхтуюцца да свята, бацькі ціхутка ставяць пад святочнае дрэва падарункі ад святога Мікалая. Сафія, Міраслаў і Арцём імкнуцца як мага хутчэй адшукаць свае падарункі. Вігілійная вячэра пачынаецца пасля таго, як на небе з’явіцца першая зорачка. Тады Яніна Адольфаўна як самы старэйшы чалец сям’і распачынае малітву, праз якую ўся вялікая сям’я дзякуе за пражыты год і просіць Божага бласлаўлення на наступны. Затым хатнія частуюцца рыбай, кісялём і абаранкамі. Апоўначы сям’я сядае ў аўто і едзе на Пастэрку. І дарослыя, і дзеці спяшаюцца да бедных і простых яселькаў, у якіх ляжыць маленькі Збаўца, бласлаўляючы свой народ і дорачы надзею на жыццё вечнае.

Марта Багдановіч. Фота аўтара

для друку для друку