Святыя Місіі ў Глыбокім правялі айцы-рэдэмптарысты

З 19 па 26 кастрычніка ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім праходзілі Святыя Місіі — адмысловы час паглыблення веры. З намі гэты час правялі айцы-рэдэмптарысты Віктар Бохан і Андрэй Урублеўскі.

Кожны дзень меў сваю тэму, не быў падобны адзін на адзін і пачынаўся гімнам і заклікам да Духа Святога.

У першы дзень – нядзелю — мы распачалі духоўныя практыкі з сустрэчы айцоў-місіянераў. Гэты дзень быў з тэмай “Бог ёсць любоў”. Ксёндз-пробашч Мікалай паблагаславіў іх парафіяльным крыжам і ўручыў ключы ад касцёла.

Панядзелак быў прысвечаны тэме “Наша збаўленне ў Езусе Хрысце” і ўзрушыў вернікаў кранальным Крыжовым шляхам па вуліцах горада. Марознае надвор’е не спужала ні старога, ні малога.

Аўторак сустрэў тэмай “Вера і навяртанне”. Дзень без святой Імшы і пакутнае набажэнства кранула да слёз і прымусіла задумацца аб паяднанні з Богам праз прабачэнне бліжняму.

Некалькі дзён мы праводзілі Марыйныя заклікі, што яшчэ больш наблізіла нас да нябеснай Мамачкі. Гэтыя набажэнствы заканчваліся мілай калыханкай для Паненкі.

Серада, прысвечаная тэме “Калі чалавек памірае”, стала днём пакаяння і посту. Каля канфесіяналаў не заканчваліся чэргі! Сакрамант споведзі яшчэ больш наблізіў вернікаў да Езуса.

Аўторак і чацвер былі прысвечаны таксама для дзяцей і моладзі. Айцы-місіянеры прысвяцілі шмат часу малодшай частцы парафіян. Дзеці і моладзь былі ў захапленні ад малітвы і cустрэч, праведзеных для іx асабіста.

Пятніца — дзень сям’і. Каля васьмідзесяці сямейных пар аднавілі свае сужэнскія абяцанні.

Субота сустрэла вернікаў тэмай “Вось маці твая”. У гэты Марыйны дзень айцы-міcіянеры запрасілі самых маленькіх парафіян з іx мамамі, жанчын у бласлаўлёным стане і людзей сталых на адмысловыя набажэнствы.

Развіталася парафія з айцамі ў нядзелю. Святары вярнулі ключы ад святыні пробашчу, які запрасіў місіянераў на наступны год, каб аднавіць Міcіі.

Час Святых Міcій у нашай парафіі вельмі ўразіў рознабаковасцю набажэнствау, глыбінёй міcійных навук і адначасова іx прастатой і даходлівасцю, сямейнай цеплынёй атмасферы, зацікаўленасцю вернікаў у набажэнствах і сакрамантаx.

Хочацца спадзявацца, што духоўныя практыкі, у якіx мы прынялі ўдзел, паглыбілі веру нашых парафіян практыкуючых, а тыя вернікі, каторыя не так часта бываюць у святыні, бліжэй пазнаёміліся з Xрыстом і палюбілі Яго.

Святлана Марціновіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку