Святы заступнік Інтэрнэту

4 красавіка Каталіцкі Касцёл успамінае святога Ізыдора, біскупа і доктара Касцёла. Святы лічыцца заступнікам інтэрнэту і інтэрнэт-карыстальнікаў. Прапануем вам пазнаёміцца з асобаю cвятога Ізыдора крыху бліжэй.

 

Чаму святы Ізыдор –заступнік інтэрнэту і інтэрнэт-карыстальнікаў?

Міжнародны дзень Інтэрнэту адзначаецца 4 красавіка у многіх краінах планеты. Дата 4.04 вельмі падобная да памылкі HTTP 404, з якой часам могуць сустрэцца карыстальнікі Сеціва. Акрамя таго, 4 красавіка – дзень смерці святога Ізыдора Севільскага, апекуна вучняў і студэнтаў. Лічыцца, што ён стварыў першую ў гісторыі базу дадзеных. Іспанскія інфарматыкі са службы інтэрнэт-назірання ў Барселоне, натхнёныя кіраўніцтвам і рэкамендацыямі Папскай рады сацыяльных камунікацый, абралі святога Ізыдора апекуном Інтэрнэту. Лагічнасць гэтага, на іх думку, пацвярджаецца самым вядомым творам святога – першай у гісторыі энцыклапедыяй «Etymologiae» у 20 тамах. Гэта набор звестак з розных галін ведаў і жыцця, а таксама практычных навыкаў, упарадкаваных аналагічна сучасным базам дадзеных. Калі казаць прасцей, энцыклапедыя «нечалавечага мудраца» ў 20 тамах стала правобразам сучаснай Вікіпедыі. Рандомны выбар назваў кожнага тома нагадвае ключавыя словы пошуку ў Інтэрнэце: у Ізыдора Севільскага ёсць том, прысвечаны звярам і птушкам, ёсць том пра ежу, пра камяні і металы, пра часткі свету, пра Бога, цуды і знакі. Таму гэты святы, несумненна, заслугоўвае быць заступнікам ведаў і ўсяго новага.

Легенда аб сяброўстве з пчоламі

Ізыдор нарадзіўся каля 560 года ў Новым Карфагене, у правінцыі Мурсія. Легенда абвяшчае, што аднойчы карміліца будучага святога пакінула немаўля пад дрэвам у садзе. Пчаліны рой прызямліўся на вуснах дзіцяці, але не ўчыніў яму ніякай крыўды. Наадварот, пакінуў на вуснах палоску салодкага мёду. Гэтае здарэнне было прадказаннем незвычайнага дару мовы, які падчас жыцця меў святы.

Як святы набыў стараннасць у вучобе

З аднаго падання вядома, што аднойчы Ізыдор уцёк са школы, баючыся свайго строгага брата. Спыніўшыся каля студні, каб перадыхнуць, дзіця з цікавасцю разглядала ўзоры, зробленыя па краі студні. Жанчына, якая прыйшла набраць вады, патлумачыла яму, што гэтыя ўзоры пакінутыя вяроўкай, што церлася аб камень. Тут Ізыдор зразумеў, што калі ўжо вяроўка змагла сцерці камень, то стараннасць у вучэнні пераадолее непадатлівасць яго розуму. І вярнуўся ў школу. Пасля ён дасягнуў такіх поспехаў, што, пераўзышоўшы ўсіх настаўнікаў, стаў самым адукаваным чалавекам свайго часу: людзі здалёк прыходзілі паслухаць, як ён разважае пра найбольш узнёслыя рэчы.

Біскупскае служэнне

Ізыдор быў біскупам Севільі і займаўся аднаўленнем Касцёла. Святы Ізыдор стаў дабрадзеем многіх касцёлаў, кляштараў, школ і бібліятэк. Ён імкнуўся падняць інтэлектуальны і духоўны ўзровень духавенства. Яго ўспаміналі як чалавека выключнай дабрачыннасці. Ён быў выдатным пісьменнікам і пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну.

Святы вельмі клапаціўся пра богаслужэнні, сачыў, каб яны здзяйсняліся годна дзеля Божай славы, і менавіта яго лічаць аўтарам масарабскай літургіі. Велізарныя натоўпы збіраліся вакол яго, каб запазычыць з крыніцы яго мудрасці, якая пераўзыходзіла, як казалі, мудрасць самога Саламона. Вернікі імкнуліся пачуць прадказанні святога Ізыдора, якія ён падмацоўваў шматлікімі цудамі. У іканаграфіі св. Ізыдор прадстаўляецца як стары біскуп, ля ног якога знаходзіцца кніга. У іканаграфіі яго таксама можна ўбачыць з пяром у руцэ і таксама з кнігай Codex etimologiarum, з вулеем ці пчоламі (што сімвалізуе яго мудрасць), з біскупскім посахам, німбам вакол галавы, крыжам і ў якасці вершніка.

Выключны чалавек, выключная смерць

Дасягнуўшы пажылога ўзросту і пакутуючы ад цяжкай хваробы, святы раздаў усё сваё багацце як міласціну і падрыхтаваўся з малітвай і пакаяннем сустрэць смерць, прадракаючы сумны лёс Касцёла ў Іспаніі. За чатыры дні да скону ён папрасіў перанесці сябе ў катэдру. У прысутнасці дапаможных біскупаў, святароў і вернікаў зняў сваю вопратку біскупа і апрануў пакаяннае адзенне, пасыпаў галаву попелам і правёў публічную споведзь. Ён прасіў, каб прабачылі яму ягоныя злачынствы і занядбанні, а пасля каб маліліся за яго. Пасля ён прыняў святую Камунію і развітаўся з усімі пацалункам супакою. Святы памёр 4 красавіка 636 года, маючы 82 гады. Фармальная кананізацыя св. Ізыдора адбылася у 1598 годзе, кананізаваў яго Папа Клеменс VIII. У 1722 годзе Папа Інакенцій XIII абвясціў св. Ізыдора доктарам Касцёла.

Малітва перад карыстаннем Інтэрнэтам

Усемагутны Вечны Божа! Ты стварыў нас паводле вобразу Свайго і заклікаў да пошукаў дабра, праўды і прыгажосці, асабліва ў Тваім Адзінародным Сыне і нашым Госпадзе Езусе Хрысце. Просім Цябе, праз заступніцтва святога Ізыдора, біскупа і настаўніка Касцёла, каб мы ў нашым падарожжы па Інтэрнэце накіроўваліся толькі на тыя старонкі, якія згодны з Тваёй воляй, а ўсякага чалавека, якога мы сустрэнем (у віртуальнай прасторы), каб прымалі з літасцю і цярпеннем. Праз Хрыста Пана нашага. Амэн.

10 запаведзей карыстальніка Інтэрнэту

  1. Не лічы камп’ютар ідалам.
  2. Усведамляй сабе, навошта ты сядаеш за камп’ютар.
  3. Памятай, што ў Сеціве шмат не толькі добрай інфармацыі.
  4. Сачы за тым, што робіць тваё дзіця ў Інтэрнэт-прасторы; пашырай свае веды.
  5. Не забівай час і таленты перад камп’ютарам.
  6. Не грэбуй небяспекамі, якія нясе ў сабе Сеціва.
  7. Не – пірацтву і хакерам.
  8. Выконвай прынцып абмежаванага даверу пры кантактах у сетцы Інтэрнэт.
  9. Не забывай рабіць дабро з дапамогай Інтэрнэту.
  10. Не замяняй сяброў камп’ютарам.

Падрыхтавала Вікторыя Арфеева

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі