Святы Пасад: браты-несвятары змогуць узначаліць свае ордэны

Папа ўпаўнаважыў Кангрэгацыю інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця ў асобных выпадках давяраць пасаду вышэйшага настаяцеля братам-несвятарам.

Дакумент, выдадзены па просьбе Святога Айца (Rescriptum ex audientia), прадугледжвае магчымасць дыспенсы ад існуючых палажэнняў Кананічнага права. Цяпер, у асобных выпадках, на пасаду вышэйшага настаяцеля ў інстытуце кансэкраванага жыцця або таварыстве апостальскага жыцця могуць прызначацца законныя браты, якія не маюць святарскага пасвячэння. Кожная намінацыя павінна быць зацверджана профільнай Кангрэгацыяй.

Законнік, які не з’яўляецца святаром, таксама можа быць вылучаны на пасаду мясцовага настаяцеля. Для гэтага будзе патрэбна рашэнне вышэйшага настаяцеля і згода яго рады.

Кс. Аляксандр Амяльчэня,  беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку