Папа Францішак лічыць, што св. Габрыэль ад Маці Божай Журботнай, італьянец, які памёр у 1862 г. ва ўзросце 24 гадоў, можа быць узорам для ўсяго Касцёла, асабліва для новых пакаленняў.
Святы Айцец скіраваў пасланне пастырам і вернікам італьянскай дыяцэзіі Терама-Атры, дзе распачаўся Юбілейны год, прысвечаны святому заступніку моладзі.
“Габрыэль быў маладым чалавекам свайго часу, поўным жыцця і энтузіязму, ажыўленым жаданнем паўнаты, якое выштурхнула яго за межы свецкіх і эфемерных рэалій, каб знайсці прытулак у Хрысце. Нават сёння ён запрашае маладых людзей распазнаць у сабе імкненне да жыцця і рэалізацыі, якія нельга аддзяліць ад пошуку Бога, ад сустрэчы з Яго Словам, на якім можна замацаваць сваё існаванне, ад служэння братам, асабліва самым слабым”, — напісаў Пантыфік.
Папа Францішак лічыць, што “асабліва ў гэты час надзвычайнай эпідэмічнай сітуацыі і, як следства, эканамічнай і сацыяльнай хісткасці, неабходна, каб вучні Езуса станавіліся ўсё больш і больш людзьмі зносін і братэрства, распаўсюджваючы міласэрнасць Хрыста і выпраменьваючы яе праз канкрэтнае стаўленне блізкасці, пяшчоты і самаадданасці”.
Святы Айцец спадзяецца, што кожны, хто праз малітву і дабрачыннасць прыме ўдзел у Юбілейным годзе, адкрые Бога па-новаму, “убачыўшы Яго ў абліччы кожнага брата і сястры, якім патрэбны суцяшэнне і надзея”.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
