Святы Айцец заклікаў скараціць калядныя выдаткі на карысць украінцаў

На выставе 100 батлеек у Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота

Напрыканцы агульнай аўдыенцыі, 14 снежня 2022 года, Папа Францішак заклікаў скараціць святочныя выдаткі і накіраваць зэканомленыя такім чынам грошы на дапамогу людзям ва Украіне.

“Адновім нашу блізкасць да змучанага ўкраінскага народа праз пастаянную малітву за нашых братоў і сясцёр, якія так пакутуюць. Браты і сёстры, кажу вам: ва Украіне шмат пакут!”, — звярнуўся Пантыфік да вернікаў.

Ён спаслаўся на набліжэнне святаў і прапанаваў адмысловую ініцыятыву. “Прыемна святкаваць Божае Нараджэнне, але давайце крыху знізім узровень калядных выдаткаў, давайце арганізуем больш сціплае святкаванне, з больш сціплымі падарункамі. Давайце тое, што зэканомім, накіруем украінскаму народу, які жыве ў нястачы, ён так пакутуе, галадае і мерзне, а колькі памірае ад таго, што побач няма дактароў і медсясцёр. Памятайма: Божае Нараджэнне – так, у міры з Богам – так, але з украінцамі ў сэрцы. І давайце прапануем ім гэты канкрэтны жэст”, — заклікаў Святы Айцец.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку