Святы Айцец прызначыў манахіню на высокую пасаду ў Рымскай курыі

Сястра Мэры Тэрэза Барон

8 кастрычніка 2026 года Папа Леў XIV прызначыў сястру Мэры Тэрэзу Барон дапаможным сакратаром Дыкастэрыі па евангелізацыі ў Секцыі першай евангелізацыі і новых партыкулярных Касцёлаў. Адначасова яна ўзначаліць Папскія місійныя ініцыятывы. Новыя абавязкі яна пачне выконваць з 4 студзеня 2027 года.

Сястра Мэры Тэрэза Барон нарадзілася 7 лістапада 1968 года ў ірландскім Данегале. Яна атрымала ступень магістра ў галіне дзяржаўнага кіравання аховай здароўя ў Інстытуце дзяржаўнага кіравання ў Дубліне, а таксама ступень магістра ў галіне міжнароднага развіцця ў Інстытуце Кімэдж у Дубліне.

У 2022-2025 гадах сястра Барон была старшынёй SEDOS – міжнароднага форуму каталіцкіх інстытутаў кансэкраванага жыцця. У 2023-2025 гадах яна ўзначальвала Міжнародны саюз генеральных настаяцельніц (UISG).

З 2018 года сястра Мэры Тэрэза з’яўляецца генеральнай настаяцельніцай Сясцёр-Місіянерак Маці Божай Апосталаў (N.S.A.).

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку