Святы Айцец асвяціў карону для абраза Маці Божай у катэдральным касцёле Адэсы

Абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які знаходзіцца ў галоўным алтары Адэскага катэдральнага касцёла, у жніўні будзе каранованы папскай каронай, якая была асвечана Папам Францішкам 3 жніўня 2022 г..

Гэты абраз лічыцца цудатворным і вельмі добра вядомы гараджанам.

Былі сабраны ўсе звесткі аб гэтым абразе, пасля чаго дадзеныя былі накіраваны ў кангрэгацыю Ватыкана, якая пасля даследаванняў прызнала, што абраз можа быць каранаваны. Гэта вызначана ў спецыяльным указе.

Пасля атрымання дэкрэта прадстаўнікі Адэскай катэдры — канцлер курыі кс. Кшыштаф Вітвіцкі і кс. Даніэль Кулакоўскі накіраваліся на сустрэчу са Святым Айцом. Падчас сустрэчы, якая адбылася на заканчэнне агульнай аўдыенцыі 3 жніўня, Пантыфік асвяціў карону.

15 жніўня, падчас парафіяльнага адпусту, Апостальскі Нунцый ва Украіне арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас здзейсніць абрад каранацыі абраза.

Побач з абразом будуць размешчаны дары, прынесеныя ўдзячнымі вернікамі.

Біскуп Станіслаў Шыракарадзюк адзначыў, што абраз сапраўды мае дзіўную гісторыю. Пасля закрыцця і разрабавання касцёла абраз удалося выратаваць. Некаторы час ён быў схаваны ў адэскім касцёле св. Пятра. Як толькі ўдалося аднавіць святыню, абраз вярнулі ў катэдру.

Па матэрыялах rkc.org.ua
пераклад Марыны Ткач
фота: Vatican News, Адэска-Сімферопальская дыяцэзія

для друку для друку