20 верасня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Новым Пагосце адбылася парафіяльная ўрачыстасць з нагоды ўспаміну атрымання 17 верасня 1224 года стыгматаў святым Францішкам Асізскім. Гэтая ўрачыстасць святкуецца ў парафіі ўжо больш за два стагоддзі, яшчэ з тых часоў, калі мясцовым касцёлам апекаваліся айцы францішкане.
Пра адметнасць урачыстасці казаў падчас гаміліі пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску ксёндз Аляксандр Грыцкевіч, які ўзначаліў урачыстую святую Імшу. Святар заўважыў, што эксклюзіўнасць свята заключаецца ў тым, што яго няма ў календары Віцебскай дыяцэзіі і адзначаецца яно пераважна ў францішканскіх парафіях.
Далей прамоўца заахвоціў паразважаць над тым, для чаго Бог даў святому Францішку раны, якія балелі, крываточылі і стваралі шмат невыгод. Францішак пры жыцці вылучаўся глыбокай верай, рабіў шмат цудаў, у якіх праяўлялася яго святасць, аднак сам Асізкі Бядняк лічыў сябе нявартым Хрыста. Ён шмат маліўся, але наўрад прасіў для сябе стыгматаў. Парадокс і зусім нелагічна, чаму за святасць жыцця Бог дае Францішку не нейкія звышнатуральныя якасці, а боль і раны.
Святы Францішак усё жыццё быў незадаволены ўзроўнем сваёй веры. Разважаючы над словамі апостала Паўла: «І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2,19), святы прыходзіць да высновы, што яшчэ так не жыве. Ён робіць дзівосныя рэчы, але не адчувае ў сабе фізічна Хрыста.
«Пан Бог дае Францішку стыгматы не ў якасці заслугі ці ў адказ на просьбы святога, але каб супакоіць яго сэрца рэальнай прысутнасцю Хрыста», — падкрэсліў святар.
Пасля Эўхарыстыі адбылося набажэнства да святога Францішка. Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам усе разам памаліліся літаніяй да святога Францішка Асізскага, а потым прайшлі Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла. Сёлета, адзначаючы год святога Францішка, асаблівая пашана была нададзена рэліквіям святога, якія больш за 200 гадоў захоўваюцца ў касцёле. Пробашч парафіі айцец Уладзімір Лапацкі OCist ішоў разам з імі ў працэсіі.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!









