Лета – гарачы час для вяселляў. Шчаслівыя маладыя пары, якія збіраюцца ажаніцца, да драбніц прадумваюць вясельныя цырымоніі і з нецярплівасцю чакаюць шлюбу, каб злучыць свае сэрцы ды прысягнуць перад святаром і Усявышнім, шчыра кахаць адзін аднаго, разам дзяліць радасць і бяду і жыць ва ўзаемапаразуменні. Аднак, як жа часта ўрачысты дзень нараджэння новай сям’і азмрочваецца забабонамі і прыкметамі.
Тэме вясельных прыкмет і павер’яў прысвечана мноства публікацый не толькі ў друкаваных выданнях, але і на прасторах інтэрнэту. Асаблівую папулярнасць яны маюць сярод нявест, іх мам, сябровак і будучых свякровак. Тыя старанна вывучаюць “забабонную літаратуру”, каб пасля распрацаваць цэлую пакрокавую інструкцыю: што можна і чаго нельга рабіць маладым падчас шлюбу.
Асабліва прыкра, што веруючыя людзі таксама часта грашаць тым, што акцэнтуюць сваю ўвагу на цалкам бессэнсоўных рэчах, машынальна і бяздумна падпарадкоўваюць сваё жыццё нейкім павер’ям і прыкметам. Відаць, яны моцна закараніліся ў свядомасці.
Маладыя пары, якія вешаюць замочкі са сваімі імёнамі на парэнчах маста, – гэта звычайная карціна выхаднога дня, калі ў горадзе тлумна ад вясельных картэжаў. З аднаго боку, у рамантычнай традыцыі, якая карыстаецца папулярнасцю ва ўсёй Еўропе, няма нічога дрэннага. Але з іншага боку, маладажоны выглядаюць крыху дзіўна: яшчэ некалькі хвілін таму яны давалі клятву перад Богам, а зараз быццам падмацоўваюць яе ў гарадскім парку. Складваецца ўражанне, што менавіта ад рытуалу замыкання замка наўпрост залежыць захаванне сужэнскай вернасці і любові.
Але ці можа сапраўдны хрысціянін надаваць лёсавызначальную ролю звычайнаму кавалку жалеза і адначасова пераносіць на другі план важнасць сакраманту сужэнства? Ён жа з’яўляецца жыццёвым наказам і адначасова стымулам, “каб з кожным днём сужэнцы імкнуліся да больш глыбокай повязі паміж сабой: на ўзроўні саюза цел, характараў, сэрцаў і імкненняў, саюза душ, паказваючы Касцёлу і свету новую камунію любові як дар ласкі Хрыстовай” (FC 19).
Акрамя гэтага зусім бяскрыўднага прыклада, існуе яшчэ мноства забабонаў, якія датычаць адзення маладых, заручальных пярсцёнкаў, надвор’я ў дзень вяселля, даты шлюбу і г. д.
Так многія вераць, што сапраўднае сямейнае шчасце залежыць ад таго, у якім абутку пойдзе да алтара нявеста (раяць не абуваць басаножкі, бо праз дзіркі шчасце ўцячэ). Альбо шчыра радуюцца, калі падчас вяселля ідзе дождж (гэта значыць, што сям’я будзе жыць з пастаянным прыбыткам). І пры гэтым зусім забываюцца, што сапраўдным цэментам, які ўмацоўвае сям’ю, з’яўляецца любоў мужа і жонкі, пабласлаўлёная ў сакраманце.
Ніякая нумералогія, павер’і ці магія не змогуць зрабіць шчаслівым сумеснае жыццё, стаць дадатковым бонусам альбо паспрыяць дабрабыту, калі самі маладыя не будуць імкнуцца разумець адзін аднаго, саступаць адзін аднаму, працаваць над развіццём і ўмацаваннем сваёй сямейнай супольнасці, якая злучана моцай Божай.
Розныя вераванні, прыкметы і забабоны, прывабліваюць перспектывай магчымасці бесклапотнага шляху да сваіх мар. Аднак, спрабуючы перахітрыць лёс і абмінуць крыж цярпенняў і няўдач такім спосабам, чалавек здзяйсняе грэх супраць першай запаведзі Божай – “Не май іншых багоў, апроч Мяне”.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!