Сусветны дзень камунікацыі-2027: быць уважлівымі ў эпоху клікбэйту

“Новы погляд: быць уважлівымі ў эпоху клікбэйту” – так гучыць тэма 61-га Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі, які будзе адзначацца ў Касцёле 9 мая 2027 года.

“Эканоміка ўвагі, якая змагаецца за некалькі імгненняў цікавасці ў хуткім і бясконцым патоку кантэнту, змяняе не толькі нашы кагнітыўныя здольнасці, але і глыбіню міжасабовых зносін”, — адзначаецца ў каментары Дыкастэрыі па камунікацыі да тэмы Сусветнага дня, абнародаваным у Ватыкане 29 верасня 2026 года.

Падкрэсліваецца, што “мы пакліканы змяніць свой погляд, зноў навучыцца глядзець – з увагай і любоўю”, бо “толькі так мы зможам убачыць свет, іншых людзей і саміх сябе так, як нас бачыць Хрыстус: пакліканых па імені і любімых”. “Наша камунікацыя змяняецца, калі наш погляд вырашае сустрэць іншага чалавека, а не асудзіць яго”, — адзначаецца ў паведамленні ватыканскага ведамства.

“Недахоп сапраўднай увагі, які падтрымліваецца лічбавай культурай, прывучыў нас да хуткіх рэакцый, павярхоўнасці адносін, лёгкасці ў навешванні ярлыкоў і адкіданні іншых. Аднак увага – гэта каштоўная форма шчодрасці: слова “ўвага” паходзіць ад лацінскага “ad-tendere” – “накіроўвацца да”, “цягнуцца да” іншага і праўды. Хрысціянская камунікацыя можа наноў адкрыць увагу як дар і як погляд – той самы, якім Езус глядзеў на людзей і дазваляў сябе закрануць”, — заўважаецца ў тэксце.

“Камунікацыя – гэта не пра прыцягненне ўвагі і нават не пра яе продаж, але пра яе захаванне як каштоўнага рэсурсу для адносін. Каб камунікаваць у эпоху клікбэйту, мы пакліканы “быць уважлівымі”, наноў адкрываць для сябе гігіену ўвагі (пар. Magnificat humanitas, 146). Камунікацыя складаецца не толькі са слоў: яна датычыць усяго чалавека і заклікае нас зноў глядзець, слухаць і адчуваць, каб мы маглі адказаць на заклік, які скіроўвае да нас Хрыстус”, — тлумачыцца ў ватыканскім каментары да тэмы наступнага Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі.

Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку