Сотні вернікаў у Ватыкане маліліся аб вечным супакоі для Папы

Кардынал П’етра Паралін узначаліў ружанцовую малітву аб вечным супакоі для Папы Францішка. Яна адбылася вечарам 22 красавіка 2025 года перад Базілікай Санта-Марыя-Маджорэ.

“Даверым нашага дарагога Святога Айца Найсвяцейшай Марыі, “Salus Populi Romani”, — заахвоціў вернікаў найбліжэйшы супрацоўнік спачылага Пантыфіка. Малітва прайшла каля марыйнага абраза, да якога Папа Францішак звяртаўся ў малітве ў найбольш важныя моманты свайго пантыфікату.

Кардынал Паралін заклікаў адказаць на заклік апостала Паўла і ўзнесці вочы да неба, каб сузіраючы Хрыста, які сядзіць праваруч Айца, даручыць Папу заступніцтву Багародзіцы. У завяршэнне іерарх нагадаў словы з тэстамента Папы Францішка, у якім той пісаў, што ахвяруе свае пакуты за мір ва ўсім свеце і братэрства паміж народамі.

У малітве ўдзельнічалі сотні католікаў з розных краін свету. “Мы ведаем, што Папа Францішак заўсёды быў вельмі адданы Багародзіцы – і не фармальна, а ад усяго сэрца. Мы адчувалі, што Святы Айцец вельмі любіў абраз “Salus Populi Romani”. Для нас таксама вельмі важна маліцца тут дзеля еднасці сэрцаў і духу. Я адчуваю блізкасць Папы”, — падзялілася з “Vatican News” адна з верніц.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку