Калі б хтосьці звярнуўся да нас з такімі неакрэсленымі пытаннямі ”Ці маеш іх? А ці хочаш іх мець?”, мы не ведалі б, што адказаць. Бо можам казаць толькі пра тое, што ўяўляем, і прагнуць таго, пра што даведаліся. Гэтае правіла датычыцца як дрэнных рэчаў, каторыя могуць падавацца нам добрымі, так і сапраўднага дабра. Таму варта шукаць добрых рэчаў і імкнуцца як мага больш пра іх даведацца, каб пачаць іх прагнуць.
Дададзім канкрэтнасці пытанням, зададзеным напачатку. Дык ці маеш цноты? А ці хочаш іх мець?
Такое знаёмае з навукі катэхізіса слова “цнота” ў штодзённым жыцці здаецца чымсьці нераспазнавальным. Мы можам пералічыць тэалагічныя цноты: веру, надзею і любоў; кардынальныя – разважлівасць, справядлівасць, мужнасць і ўмеркаванасць, але з распазнаваннем іх у сабе і іншых могуць узнікнуць праблемы. YOUCAT у 299 пункце акрэслівае цноту як “унутраную пазіцыю, пазітыўную звычку і гарачае прагненне служыць дабру”. Вобразна кажучы, цнота – гэта апетыт да чынення дабра. Практыкаванне цнотаў надае канкрэтную форму нашаму імкненню жыць добра і быць добрымі. Мы становімся на шлях евангелічнага жыцця, да якога нас запрашае Пан Езус у Нагорным казанні словамі: ”Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны”(Мц 5, 48). Нашыя розум і воля, падмацаваныя цнотамі, вучацца больш дакладна распазнаваць дабро, імкнуцца да яго ўсімі сіламі і дасягаць. Так, як заганы могуць значна пагоршыць стан нашага жыцця, цноты спрыяюць павелічэнню яго маральнай якасці.
Спынімся больш на кардынальных цнотах, якія можам набываць дзякуючы ўласным высілкам і якія Бог можа падтрымаць, удасканальваючы сваёй ласкай.
Цнота справядлівасці дапамагае нам аддаваць Богу і бліжняму тое, што ім належыць (пар. ККК 1807). Больш выразна, дзякуючы гэтай цноце мы бачым, што толькі Богу належыць пакланенне і хвала, а нашых бліжніх мы павінны шанаваць і любіць незалежна ад таго, кім яны з’яўляюцца. Наколькі ж адрозніваецца такое значэнне ад папулярнага паняцця справядлівасці, якая эгаістычна клапоціцца пра тое, каб іншыя паступалі адносна нас сумленна і справядліва. Цнота справядлівасці разварочвае перспектыву на 180 градусаў.
Мужнасць дапамагае нам нязломна трымацца распазнанага і выбранага дабра, нягледзячы на перашкоды і цяжкасці, якія могуць узнікнуць на шляху да яго дасягнення (пар. ККК 1808). Гэтая цнота таксама дапамагае нам мужна супраціўляцца спакусам, трымаць абарону. Той, хто мае гэтую цноту, можа зрабіць шмат дабра ў сітуацыях, дзе іншыя будуць казаць:”Нічога не атрымаецца! Што мы можам зрабіць?!”
Мы жывём у часы насычанасці рэчамі і інфармацыяй, таму цнота ўмеркаванасці цяпер, бадай, найбольш актуальная. Яна ўпарадкоўвае нашае жыццё і дапамагае не засмечваць яго тым, што мы можам выбраць толькі пад уплывам хвіліннага прагнення, не задумваючыся пра вартасць выбранага (пар. ККК1809). У выніку развіцця гэтай цноты мы не становімся нявольнікамі сваіх інстынктаў і моды, але выбіраем больш удумліва і свабодна.
Больш увагі хачу прысвяціць цноце разважлівасці. Яе называюць кіраўніком цнотаў (auriga virtutum). Дапамагае яна розуму ў розных абставінах распазнаваць сапраўднае дабро, а волі – выбіраць адпаведныя, правільныя сродкі, каб яго дасягнуць. Як жа не хапае яе вернікам, якія ў кожнай, нават дробнай справе пытаюць парады ў святара, не спрабуючы самім задумацца, як адпаведна зрабіць. Добра, калі святар клапоціцца пра развіццё ў сабе цноты разважлівасці. А што, калі не? Тады сляпы будзе вадзіць сляпога (пар. Лк 6, 39). Разважлівы чалавек не будзе ганяцца за тым, што толькі здаецца добрым, і марнаваць свае сілы, каб гэтага ўяўнага дабра дасягнуць. Колькі часу і сілаў можна зберагчы, не шкадуючы потым, што выбраў не тое, альбо памыліўся ў выбары сродкаў дасягнення распазнанага дабра, паступаючы разважліва! Такі чалавек дзейнічае як добры шахматыст, які можа, гледзячы на дошку для гульні, думаць на некалькі хадоў уперад і такім чынам прадбачыць вынік партыі на сваю карысць. З прычыны абмежаванасці нашага зямнога жыцця цнота разважлівасці набывае асаблівую актуальнасць.
Святы Тамаш Аквінскі вылучае некалькі элементаў цноты разважлівасці, якія дадаюць ёй дзейснасці. Гэта памяць, што дапамагае прымаць рашэнні, абапіраючыся на свой асабісты досвед. Здольнасць вучыцца бярэ пад увагу вопыт іншых, больш дасведчаных і мудрых людзей. Для разважлівых рашэнняў патрэбная прадбачлівасць, каб умець, хутка зарыентаваўшыся, зрабіць добры выбар. Меркаванне перад прыняццем рашэння дапамагае, выкарыстоўваючы тое, што ведаем, лепш зразумець тое, што здаецца новым і незразумелым. Акрамя таго, разважлівасць патрабуе асцярожнасці, каб не прымаць рашэнняў, не разважыўшы і не праверыўшы ўсё добра. Бо ў залежнасці ад умоваў і абставінаў штосьці можа прынесці карысць альбо нашкодзіць, можа толькі здавацца на першы погляд дабром, але не быць ім. Таму асцярожнасць ніколі не зашкодзіць разважліваму.
Перашкодай для развіцця ў нас цноты разважлівасці ёсць безразважлівасць, прыняцце хуткіх, неабдуманых рашэнняў, зменлівасць у імкненні да распазнаных добрых рэчаў.
І, нарэшце, тым, што адбірае ў нас здольнасць разважліва думаць і дзейнічаць, паводле святога Тамаша Аквінскага, ёсць распуста альбо прывязанасць да цялесных задавальненняў. Яны заглушаюць голас розуму і аслабляюць волю, а ў выніку мы становімся закладнікамі нашых пачуццяў і інстынктаў.
Хтосьці можа запярэчыць, кажучы, што лепш усё ж такі жыць жыццём поўным задавальнення і цялесных раскошаў, нягледзячы на цану памылак у неразважлівых жыццёвых рашэннях, якія праз гэта дапускаем. І можна было б нават пагадзіцца з такімі людзьмі, каб разважлівасць не дапамагала нам таксама ў распазнанні і імкненні да Найвышэйшага дабра, якім ёсць Бог. А памылковы выбар часовых задавальненняў, памінаючы галоўную мэту і сэнс нашага жыцця, у вечнасці можа мець вельмі трагічны вынік.
Варта з Божай дапамогай распачаць працу над сабой, удасканальваючыся ў цнотах і просячы Бога пра падтрымку ў гэтай нялёгкай, але вартай намаганняў справе. Толькі так мы зможам стаць людзьмі, якія жывуць і дзейнічаюць больш разумна і свабодна, а значыць так, як нас стварыў Бог.
Айцец Павел Мажэйка ОР
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!