Шлях да шчасця ў выкарыстанні таленту. Інтэрв’ю з с. Таццянай Касабуцкай

«Ісціна ж такая: у кожнага з нас ёсць свой дар – талент, навык, рамяство, які дорыць нам асалоду і натхняе нас. Шлях да шчасця крыецца ў выкарыстанні гэтага дару», пісаў папулярны хрысціянскі прапаведнік Нік Вуйчыч у сваёй першай кнізе “Жыццё без межаў”. Сястра Таццяна Касабуцкая з кангрэгацыі сясцёрармелітак Дзіцяткі Езуса – яркі прыклад у пацвярджэнне гэтых слоў. Манахіня ўжо амаль 28 гадоў знаходзіцца ў кляштары, лічыць сябе шчаслівай і актыўна выкарыстоўвае свой талент – шыццё.

Сястра Таццяна нарадзілася ў Лідзе. З дзяцінства яна любіла шыць лялькам усялякія нарады, заўсёды перашывала рэчы бацькоў, прыдумляла нешта новае і арыгінальнае. З задавальненнем шыла і ў школьныя гады.

У роднай парафіі дзяўчынкі не служылі сёстры-кармеліткі. Яна пазнаёмілася з імі пазней. Аднак ёй моцна спадабаўся кармелітанскі габіт (манаскае адзенне) святой Тэрэзы. “Можа, і спадабаўся мне габіт таму, што я глядзела на яго вокам закройшчыка», – гаворыць з усмешкай сястра.

Манахіня распавядае: “Ужо ў кляштары мяне навучылі шыць манаскае адзенне. І ўвогуле розныя рэчы, звязаныя з касцёлам, я навучылася шыць, знаходзячыся менавіта тут. Усё, у чым я хаджу, у што апранутая, таксама шыю сама”.

Зараз шыццём сястра Таццяна займаецца не так шмат. Больш часу яна праводзіць у брэсцкім каталіцкім дзіцячым садку, бо з’яўляецца яго дырэктарам.

Сястра дзеліцца: “Калісьці адзін святар папрасіў пашыць для яго арнаты. Потым яшчэ былі замовы. Таму на дадзены момант мне хочацца шыць больш таксама і для розных іншых парафій”.

Своеасаблівым натхненнем манахіні з’яўляецца такая “спартыўная” цікавасць і жаданне пабачыць, наколькі атрымаецца пашыць тую ці іншую рэч, напрыклад, габіт іншага ордэна.

Адказваючы на пытанне пра цяжкасці, с. Таццяна гаворыць: “Для таго, каб нешта пашыць, неабходна быць цярплівай, стараннай, а таксама неабходна мець фантазію. Якраз фантазія ў мяне добрая, а вось са стараннасцю складана.  Таму гэта пэўнага кшталту высілкі”…

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку