8 верасня, калі прыпадае свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, — знакавы дзень у Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і. Традыцыйна штогод у гэтае марыйнае свята адбываецца прынясенне манаскіх абяцанняў.
У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Казімежу Біскупім (Польшча) беларускі семінарыст Уладзіслаў Варвашэвіч MSF прынёс сваё жыццё у дар Марыі ў форме вечных манаскіх абяцанняў.
Даючы Богу вечныя абяцанні чысціні, убоства і паслухмянасці, законнікі бяруць на сябе абавязак любіць Бога, служачы найбольш патрабуючым дзеля Божага Валадарства там, куды іх павядзе Дух Святы. Знакам дадзеных вечных абяцанняў з’яўляецца місіянерскі крыж, які становіцца часткай манаскага адзення ў Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і і мае нагадваць пра любоў Збаўцы да чалавецтва.
Семінарыст Уладзіслаў нарадзіўся 12 мая 2002 года ў вёсцы Рудня. У 2008 годзе прыняў Першую святую Камунію ў касцёле Перамянення Пана ў вёсцы Негарэлае. У 2020 годзе быў прыняты ў Кангрэгацыю Місіянераў Святой Сям’і і распачаў манаскую і святарскую фармацыю. На заканчэнне навіцыяту 8 верасня 2021 года склаў першыя часовыя абяцанні. Працягвае навучацца ў Вышэйшай духоўнай семінарыі Місіянераў Святой Сям’і ў Казімежу Біскупім.
Манаская супольнасць шчыра віншуе свайго субрата семінарыста Уладзіслава з гэтай вялікай падзеяй ў яго жыцці і жадае заўсёды ісці выбраным шляхам Божага слугі, у поўні аддаючы сябе Богу і бліжнім. Місіянеры Святой Сям’і запэўніваюць яго аб малітве, аддаючы пад апеку Найсвяцейшай Панне Марыі.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!