«Савіо-Клуб» пры мінскім араторыі ўрачыста распачаў новы душпастырскі год

Новы душпастырскі год суполка для падлеткаў «Савіо-Клуб» у мінскім араторыі, які дзейнічае пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы, распачалася ў два этапы.

Першы этап адбыўся 25 верасня ў суботу. Дзеці, іх бацькі і аніматары клуба сабраліся на сямейны пікнік. Нягледзячы на даволі мокрае надвор’е сумесны грыль і пасілак адбыліся ў духу радасці і аптымізма.

Пасля сумеснага спажывання ежы ўдзельнікаў чакала цікавая праграма адкрыцця Савіо-Клуба ў гэтым годзе. Прысутныя змаглі адчуць сябе на тэле-шоў СавіоTV, галоўнымі вядучымі якога былі с. Юлія Клявец FMA і кс. Артур Ляшнеўскі SDB. Падчас інтэрактыўнай праграмы дзеці і іх бацькі пазнаёміліся са св. Дамінікам Савіо – духоўнай інспірацыяй клуба, правіламі суполкі а таксама праглядзелі відэа-рэпартаж з жыцця клуба ў мінулым годзе. Таксама прысутным былі прадстаўлены новыя чальцы суполкі.

Пасля сумеснай гульні савікаў і іх бацькоў чакала слоўка-сцэнка, падрыхтаваная аніматарамі клуба. У сцэнцы дзеці ўбачылі анёла, які прапаноўваў групе людзей німб святасці, аднак большасць не хацела яго насіць, бо была занята зямнымі справамі. У рэшце німб падышоў хлопцу, які меў вялікае сэрца, адкрытае на патрэбы іншых. Мараллю сцэнкі і пасланнем для савікаў было завярджэнне: што святасць – яна таксама і для цябе, і што здабыць яе можна праз добрыя ўчынкі і адкрытасць на іншага чалавека.

Другі этап святкавання адбыўся ў нядзелю 26 верасня. Савікі і іх бацькі сабраліся на ўрачыстай Эўхарыстыі, якую ўзначаліў бп. Казімір Велікаселец. Падчас гаміліі іерарх распавёў прысутным пра важнасць веры і прыслухоўвання да Божага голасу ўнутры нас. Пасля гаміліі перад сабранымі вернікамі ўрачыста ў першы раз склаў абяцанні ўдзельніка клуба адзін з яго чальцоў.

Пасля абяцанняў яму была падараваная майка з выявай герба «Савіо-Клуба». Год у мінскім «Савіо-Клубе» распачаўся радасна і аптымістычна. Дзеці і бацькі вярнуліся ў свае дамы са шчырай усмешкай на твары.

sdb.by

для друку для друку