З 8 па 14 жніўня ў вёсцы Вайнідзеняты адбыўся “Аніматарскі табар-2016” – лагер-адпачынак для аніматараў і кандыдатаў у салезіянскія аніматары Беларусі.
На працягу ўсяго лагера ўдзельнікі са Смаргонскага, Бараўлянскага, Мінскага і Дзятлаўскага араторыяў пад кіраўніцтвам ксяндза Паўла Шчарбіцкага SDB, ксяндза Івана Огара SDB і сястры Ірыны Барцэвіч FMA мелі не толькі фізічны, але, таксама, і багаты духоўны адпачынак праз канферэнцыі і разнастайныя «дынамікі», якія падрыхтавалі арганізатары.
Першая канферэнцыя была на тэму “Асістэнцыя” і праходзіла пад дэвізам: “Быць сярод моладзі, бо яны ў маім сэрцы”.
На другую канферэнцыю быў запрошаны спецыяльны госць – педагог адной з Смаргонскіх школ, які правёў вельмі багатую сустрэчу на тэму “Пачуццёвасць”.
Трэцяя ж канферэнцыя была на тэму “Я і Бог”, на якой разглядаліся асабістыя адносіны з Богам. Таксама падчас лагеру было шмат іншых сустрэч, дзе падкрэсліваліся ўжо розныя практычныя моманты, якія спатрэбяцца падчас арганізацыі розных святаў і гульняў.
Самым важным момантам лагеру была штодзённая святая Імша, якая адбывалася пад адкрытым небам.
13 жніўня ў “Аніматарскі табар” далучыліся памочнікі араторыяў, якія падчас святой Імшы склалі свае абяцанні Богу і перайшлі на наступны крок свайго асабістага паклікання – сталі кандыдатамі ў аніматары.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
