Сотні маленькіх рымлян далучацца да Льва XIV у Ватыканскіх садах, каб разам памаліцца за мір. Малітва адбудзецца 1 кастрычніка 2026 года ў гроце Маці Божай Лурдскай і распачне тыднёвую ініцыятыву “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы”, якую ўжо больш за 20 гадоў праводзіць Папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”.
Плануецца, што ў Ружанцы з Пантыфікам прымуць удзел ад 700 да 1000 дзяцей з рымскіх школ і парафій. Да іх духоўна далучацца дзеці, сем’і, школы і хрысціянскія супольнасці ў розных краінах свету. У 2026 годзе малітоўная ініцыятыва ўпершыню працягнецца цэлы тыдзень — з 1 па 7 кастрычніка, каб дазволіць удзельнікам з розных кантынентаў выбраць найбольш зручны дзень для малітвы, захоўваючы адзінства ў інтэнцыі міру. Сусветны малітоўны тыдзень завершыцца ва ўрачыстасць Маці Божай Ружанцовай, 7 кастрычніка.
Паралельныя малітоўныя сустрэчы пройдуць у розных частках свету. Да ініцыятывы далучацца супольнасці карэнных народаў у Балівіі, парафіі ў Судане, Зімбабвэ, Мазамбіку, Сьера-Леонэ і іншых краінах, дзе людзі пакутуюць ад войнаў, беднасці і нестабільнасці.
Малітоўная кампанія 2026 года натхнёная пасланнем Фацімы: “Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца пераможа”. У сёлетнім звароце да ўдзельнікаў ініцыятывы кардынал Курт Кох, старшыня фонда “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” і прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, нагадаў, што Беззаганнае Сэрца Марыі ўвасабляе жыццё, цалкам адкрытае на Святы Дух. Марыя ўяўляе сабой узор веры, любові і малітвы.
Ініцыятыва набывае асаблівы сэнс у час, калі мільёны людзей сутыкаюцца з войнамі, насіллем, пераследам, беднасцю і нявызначанасцю. Малітва дзяцей паклікана стаць знакам даверу і надзеі, які аб’ядноўвае дзяцей розных моў, культур і краін у адной просьбе аб міры.
Ініцыятыва “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы” узнікла ў 2005 годзе ў Каракасе (Венесуэла). З цягам часу яна перарасла ў сусветны малітоўны рух, які аб’ядноўвае дзяцей, сем’і, парафіі, школы і касцёльныя супольнасці на ўсіх кантынентах. Кампанія натхняецца словамі, якія прыпісваюцца святому айцу Піа: “Калі мільён дзяцей будзе маліцца на Ружанцы, свет зменіцца”. Да ўдзелу запрашаюцца не толькі дзеці, але таксама бацькі, настаўнікі, святары, кансэкраваныя асобы, катэхеты і сем’і. Неабавязкова маліцца ўвесь Ружанец: нават невялікая частка, прамоўленая з верай, можа стаць звяном сусветнага малітоўнага ланцуга.
У 2026 годзе ініцыятыва праводзіцца ў супрацоўніцтве з санктуарыем у Фаціме, Папскай сусветнай малітоўнай сеткай і Сусветным апостальствам Фацімы. Да малітвы таксама далучацца арганізатары Сусветнага дня Ружанца (World Rosary Day).
Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!