Разважанне на XXXIV Звычайную Нядзелю. Год С. 20 лістапада

Урачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету

Евангелле Лк 23, 35–43

Насміхаліся з Езуса разам з народам і кіраўнікі, кажучы: Іншых ратаваў, няхай уратуе сябе самога, калі Ён Месія, выбраны Богам. Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго. Падыходзілі і падносілі Яму воцат, кажучы: Калі Ты Кароль юдэйскі, уратуй сябе самога.

І быў над Ім надпіс: Гэта Кароль юдэйскі.

Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: Калі Ты Месія, уратуй сябе і нас. А другі ў адказ дакараў яго і казаў: Ты нават Бога не баішся, хоць і сам асуджаны на тое самае? Мы асуджаныя справядліва, бо за тое, што зрабілі, атрымліваем. Ён жа нічога благога не зрабіў. І сказаў: Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства.

Езус адказаў яму: Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі.

Разважаючы над цярпеннем нашага Збавіцеля Езуса Хрыста, мы можам здзіўляцца бязмернай жорсткасці людзей таго часу. Мы схільны да асуджэння і абвінавачвання: як такое магло здарыцца, што катуюць нявіннага Чалавека нізашто? Аднак, калі паглядзім на гісторыю нашых часоў, то лёгка заўважым, што не ўсё так ідэальна і ў нашым сучасным грамадстве.

Хоць чалавецтва і любіць ганарыцца ідэямі гуманізму, але ўсё роўна яно спараджае войны, рэвалюцыі, забойствы і нянавісць. Усё яшчэ існуе смяротнае пакаранне ў многіх дзяржавах, афіцыйна робяцца аборты і прапагандуецца эўтаназія. Сапраўды і сёння актуальныя словы Хрыста: Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць. (Лк 23,34).

Вочы чалавека часта засцілае імгла граху, праз якую ён не бачыць наступстваў сваіх учынкаў. Кожны, хто пайшоў за Хрыстом мае  больш слухаць Яго, чым свет, каб узняцца вышэй за свае ўласныя абмежаванні і прывычкі грахоўнага наваколля. Кажуць, што нельга скокнуць вышэй за сваю галаву.

Сваімі намаганнямі так, гэта складана зрабіць. Але калі спартсмен выкарыстоўвае шост, то ён дасягае выдатных вынікаў. Такім шастом у духоўнасці ёсць Божая ласка і Божае слова. Памятайма, што мы пакліканыя да хрысціянскай унікальнасці. Нам нельга быць падобнымі да свету ў яго грахоўнасці. Нам трэба жыць Хрыстом, каб рай быў нашым удзелам, як і ў выпадку з укрыжаваным злачынцам з Евангелля.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі