Разважанне на XXXII Звычайную Нядзелю. Год С. 6 лістапада

Евангелле Лк 20, 27–38

Тады падышлі некаторыя з садукеяў, якія казалі, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства свайму брату. Было ж сем братоў. Першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны. Потым другі, і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі. Урэшце, памерла і жонка. Дык вось, пасля ўваскрашэння, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю».

Езус сказаў ім: «Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж; і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра палаючы куст, калі назваў Пана Богам Абрагама, Богам Ісаака і Богам Якуба. Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць». На гэта сказалі некаторыя з кніжнікаў: «Настаўнік, Ты добра сказаў». І ўжо ні пра што не адважваліся распытваць Яго.

І ў нас час таксама дастаткова шмат скептыкаў, якія не вераць ва ўваскрашэнне чалавека. Падобна садукеям, яны схільныя прыводзіць аргументы супраць уваскрашэння, узятымі з людскога жыцця, якое сёння прасякнута ідэямі матэрыялізму. Садукеі прыводзяць у прыклад права левірату, калі брат меў абавязак узяць за жонку ўдаву па сваім браце. Логіка такога права была ў тым, каб даць магчымасць імені памерлага брата быць працягнутым у наступных пакаленнях, а таксама ў тым, каб не пакідаць безабароннай жанчыну. Як вядома, у старажытныя часы адзінокай жанчыне практычна немагчыма было выжыць без апекі мужчыны.

Езус вельмі лёгка адкідае аргументы садукеяў, прыводзячы цытату са Старога Запавету, дзе Бог называе сябе Богам даўно памерлых людзей. Аднак, Бог Ізраэля не ёсць Богам смерці, але Богам жыцця. Значыць, тыя якія памерлі даўно цялесна, усё роўна жывуць у Богу. А чалавек у поўні з’яўляецца чалавекам, калі ён мае і цела і душу. Езус таксама ўказвае на галоўную памылку скептыкаў-садукеяў: стыль зямнога жыцця не з’яўляецца стылем жыцця нябеснага. Тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж; і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі