Разважанне на XXXI Звычайную Нядзелю. Год С. 30 кастрычніка

Евангелле Лк 19, 1-10

У той час:

Езус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз яго. І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць.

Калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме.

Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю.

А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш.

Езус сказаў яму: Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула.

Чаму Езус звяртае ўвагу на Закхея? Таму што ён настолькі зацікавіўся Хрыстом, што нават паспяшаўся залезці на дрэва, каб Яго ўбачыць. Мы паводзім сябе падобным чынам, калі здараецца штосьці пільнае і трэба хутка зарэагаваць. Раптам паступіла прапанова лепшай працы і трэба хутчэй аформіць дакументы – чалавек тады становіцца на галаву, каб паспець усё зрабіць і дасягнуць сваёй мэты. Раптам адчуваем сябе дрэнна – хутчэй робім усё, каб вылечыцца. Раптам з’яўляецца танная пуцёўка на адпачынак – хутчэй яе выкупляем.

У духоўным жыцці Бог хоча ад нас такога спорту, такога альпінізму, які праявіў Закхей. Хутчэй убачыць Езуса, хутчэй пачуць Яго слова, хутчэй прыйсці на Яго Вячэру і спажыць Яго Цела. Ці нашая вера ўсё яшчэ дыхае неверагодным імпэтам? Ці, можа, яна ўжо ледзьве падае прыкметы жыцця? Колькі ж вакол нас людзей, якія носяць на чале пячатку Святой Тройцы, атрыманую на святым хросце! Але ці яны шукаюць Бога так, як шукаў Яго Закхей?

Бог цэніць кожнае праяўленне нашай веры. І Ён тады кажа: хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме. Калі чуем Божы голас, нельга марудзіць. Калі мяне патрабуе Пан, трэба хутчэй пайсці Яму насустрач і выканаць Яго волю.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі