Разважанне на XXIІI Звычайную Нядзелю. Год С. 4 верасня

Евангелле Лк 14, 25–33

У той час:

Шмат людзей ішло за Езусам. Звярнуўшыся, Ён сказаў ім: Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім. Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем. Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на будову. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць. Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру. Гэтак ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.

Урывак з сённяшняга Евангелля можа стаць сапраўдным выклікам для сучаснага чалавека. Як гэта можа быць, што Настаўнік, наш Збавіцель заклікае сваіх вучняў ненавідзець сваіх родных і нават сваё жыццё? Ці ж Бог не з’яўляецца любоўю? На самой справе ў гэтым выказванні Езуса схаваны вялікі духоўны прынцып, пасланне Бога, якім прасякнута ўся Біблія. Мы пакліканы любіць Бога ўсім сваім жыццём, розумам, сэрцам і душою, а ўсё іншае ў нашым жыцці – любіць выключна ў Богу, праз Бога і з-за Бога. Аднак, на жаль мы ўсе з’яўляемся слабымі людзьмі і грэшнікамі. Таму, бывае, пападаем у пастку, бо спяшаемся палюбіць стварэнне і забываемся пра Стварыцеля. І тады ўсё ідзе наперакос. Тое, што не з’яўляецца Богам, мы імкнёмся трактаваць і ўспрымаць як Бога, як кагосьці, хто найважнейшы ў нашым жыцці. І такія адносіны напэўна будуць перашкодай у духоўным росце. Як хрысціяне мы пакліканыя палюбіць сябе, сваіх бліжніх і навакольны свет праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце. Ва ўрыўку Езус спецыяльна гаворыць усходняй семіцкай манерай, перабольшваючы сэнс выказвання, каб засяродзіць нашую ўвагу на правільных адносінах з Панам. Бо калі штосьці або хтосьці становіцца для нас богам, якому мы пакланяемся то сапраўды можа быць вельмі небяспечным на шляху да збаўлення.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі