У той час:
Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Езуса, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае? Езус адказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш?
Той сказаў у адказ: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе. Езус сказаў яму: Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць.
Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: А хто мой бліжні?
Адказваючы на гэта, Езус сказаў: Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. Пасадзіў яго на свайго асла, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся. Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?
Ён сказаў: Той, хто паступіў з ім міласэрна. Тады Езус сказаў яму: Ідзі і ты рабі таксама.
Прыпавесць пра добрага самараніна сёння добра вядомая ўсім католікам і нават людзям няверуючым. Гэты вобраз вельмі прамаўляе і да сучаснага чалавека таксама. Езус расказвае нам гэтую гісторыю, каб падкрэсліць, што каб быць сапраўдным Яго вучнем, не дастаткова ведаць шмат малітваў. Неабходна мець таксама ў сэрцы спачуванне і суперажыванне. Добры самаранін – гэта сам Хрыстос, які прыходзіць у пакалечаны свет. Езус гоіць нашыя раны, клапоціцца і перажывае за нашае выздараўленне.
Святы Ян Хрызастом у адным са сваіх казанняў параўнаў Касцёл да гасцініцы, да таго самага заезду, куды адвёз параненага чалавека добры самаранін. Касцёл – гэта месца, дзе мы можам адпачыць душой і палячыць нашыя раны, нанесеныя злым духам ці нядобразычліўцамі. Сёння няма праблем, каб знайсці каталіцкую святыню ў горадзе.
Аднак, на вялікі жаль, людзі бываюць настолькі параненыя жыццём, што нават не бачаць дарогі і не чуюць голасу Настаўніка, які іх кліча. Тут якраз такі і патрэбная паслуга добрых самаран, якія прывядуць, прывязуць, запросяць небараку ў Гасцініцу-Касцёл. Галоўнае не мець халоднага сэрца, не быць абыякавым на людскую бяду. Галоўнае мець жаданне і магчымасць заўважаць іншых людзей. І гэта асабліва важна менавіта сёння, калі д’ябал хоча раскінуць сеткі нянавісці на ўвесь свет.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку