Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце.
У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!” Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”. Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: “Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму.
Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!» А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».
Езус пасылае са сваёй місіяй у свет не толькі дванаццаць апосталаў, але і семдзесят два іншых вучня. І Ён таксама надзяляе іх уладай, неабходнай для выканання гэтай місіі. Настаўнік таксама дае пэўныя інструкцыі вучням: як зрабіць так, каб місія была паспяховай і прынесла багаты плён. У адрозненне ад лічбы 12, якая сімвалізуе дванаццаць пакаленняў Ізраэля, лічба 72 сімвалізуе ўсе іншыя язычніцкія народы. У часы Хрыста лічылася, што такіх народаў у свеце 70 або 72. Гэтымі лічбамі сваіх вучняў Езус хоча сказаць, што Ён прыйшоў, каб прынесці Добрую Навіну як Ізраэлю, так і грэкам, рымлянам, славянам і іншым народам. Місія вучняў няпростая, таму што па дарозе можна спаткаць нядобразычліўцаў. Настаўнік заахвочвае, каб увесь свой час і сілы прысвяцілі гэтай мэце – абвяшчэнню Божага Валадарства. Нават па дарозе нікога не вітайце… Ці гэта азначала б адсутнасць культуры ў вучняў? Канешне, не! Далей у тэксце Евангелля чытаем: У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!” Гэта і ёсць Божае прывітанне. А ў дарозе не марнуйце свайго часу. Спяшайцеся выканаць волю Божую, таму што жніво вялікае, а работнікаў мала. Таму Касцёл моліцца аб пакліканні да святарства пастаянна. Жыццёва неабходныя сёння Касцёлу тыя юнакі, якія захочуць прысвяціць Богу сваё жыццё і адважна пайсці ў свет з Божым пасланнем.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку