Калі набліжаліся дні ўзнясення Езуса, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем. Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх? Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску. Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя –гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву.
А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць айца майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае. Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага.
Чытаючы гэты ўрывак Евангелля, здзіўляемся жорсткасці вучняў, якія хочуць выклікаць нябесную кару на жыхароў вёскі, якія не прынялі Езуса. Вучням неабходна прайсці з Хрыстом яшчэ не адзін кіламетр, паслухаць Яго не адно навучанне і быць сведкамі не аднаго цуду, каб зразумець сапраўднае пасланне Хрыста аб любові. Самаране ўсяго толькі паступілі, як было прынята ў тыя часы ў адносінах паміж імі і юдэямі. Адны і другія мелі разыходжанні ў разуменні сапраўднага месца культу. Юдэі пакланяліся Богу ў Ерузалеме, самаране ж — на гары Гэрызім. Фактычна, гэтыя вяскоўцы былі не супраць Езуса, а ім проста не падабалася, што Ён ідзе ў Ерузалем. І ў наш час столькі шмат існуе падзелаў паміж людзьмі! Нават паміж хрысціянамі. Верым у аднаго Бога, але, бывае, што не можам прымірыцца і пасябраваць з-за разыходжанняў у літургіі і дагматыцы. Які рэцэпт на гэта мае Езус? Рэцэпт любові. А таксама час. У апостальскія часы жыхары самаранскіх вёсак будуць прымаць Евангелле. Тое, што не ўдалося Езусу, удалося Яго вучням у супрацоўніцтве з Духам Святым. Мы таксама пакліканыя сёння сведчыць аб Хрысце. Такі наказ мы атрымалі ад нашага Настаўніка, калі прымалі сакрамант бежмавання. Пастараймася быць годнымі гэтага вялікага тытулу: вучня Хрыстовага!
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку