Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: Кім лічыць Мяне народ? Яны сказалі ў адказ: Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос. Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? І адказаў Пётр: Месіяй Божым. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адцураюцца Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне. Усім жа сказаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той ўратуе яго.
Ва ўрыўку Евангелля мы чытаем пра пэўныя ўмовы, якія ставіць сваім вучням Настаўнік. Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Для нас крыж – гэта рэлігійны сімвал. Мы спакойна да яго адносімся, таму што выраслі ў еўрапейска-хрысціянскай культуры. Для сучаснікаў Езуса словы пра нясенне крыжа і ўкрыжаванне былі чымсьці жудасным. Крыж быў ганебнай, страшнай прыладай смерці. Ужываючы такі вобраз, Езус хоча сказаць нам: толькі тады можна атрымаць вечнае жыццё, калі ты з зямнога жыцця не будзеш рабіць сабе бога. Калі мы прыгледзімся да нашых учынкаў, думак, мараў, то можам заўважыць, што існуе спакуса самога сябе зрабіць цэнтрам сусвету. Чалавек часта імкнецца сваё жыццё зрабіць аб’ектам пакланення. А Езус заклікае нас да чагосьці адваротнага і неверагоднага: укрыжуй сябе для свету, будзь гатовы на прыніжэнне і цярпенне. Не бойся ахвяраваць самім сабой і бескарысна любіць. Пакуль мы не ўкрыжуем свайго “Я”, свайго эгаізму, дагэтуль нам будзе цяжка жыць сапраўды духоўным жыццём. Але каб прыняць гэтую ісціну, неабходна прыслухацца да словаў Езуса, прыняць іх і перажыць духоўнае навяртанне, перамену сваіх думак і паводзінаў. Просім Езуса, каб даў нам смеласць адкрыцца на духоўныя перамены ў нашым жыцці.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку