У той час:
Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.
Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.
Словы Евангелля, над якімі мы цяпер разважаем – гэта нішто іншае, як малітва Езуса перад сваім арыштам. Пра што моляцца найчасцей людзі? Калі пастаяць у закрыстыі і паназіраць, за што просяць святара памаліцца вернікі, то мы заўважым, што найчасцей гэта просьбы аб здароўі і аб ласцы неба для памерлых. У любым выпадку гаворка ідзе найчасцей за блізкіх сваякоў. Гэта тыя людзі, якія вельмі блізкія нашаму сэрцу. І для каторых мы жадаем выпрасіць у Бога нешта добрае.
Езус перад сваім арыштам і пакутай моліцца за нас. Прашу за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга. Ён дакладна ведае ўсе няпростыя абставіны, у якіх давядзецца жыць Яго паслядоўнікам. Езус ведае пра падзелы, помсту і недахоп любові. Менавіта таму Ён просіць Айца Нябеснага за тых, хто называецца Ягонымі вучнямі. Мэта нашага жыцця – гэта неба. А што такое неба? Гэта месца і стан душаў, дзе яны вельмі блізка бачаць Бога і ад гэтага сузірання шчаслівыя. Неба – гэта таксама валадарства любові. Там няма месца нянавісці і хлусні. Менавіта таму так важна ўжо ў зямным жыцці навучыцца жыць па-нябеснаму, у любові. Езус абяцае нам нябесную Боскую хвалу. Бо гэта – ягонае жаданне даць нам шчасце. Нам жа застаецца толькі яшчэ мацней палюбіць Бога і бліжняга. Гэта і ёсць той ключык, які адчыняе брамы неба.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку