Евангелле Ян 17, 1–11а
У той час:
Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын Твой уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсім, каго Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб спазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста.
Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.
Я абвясціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.
Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, а Я іду да Цябе.
Стварэнне, Уцелаўленне і Уваскрасенне — тры найбольш важныя падзеі ў гісторыі чалавецтва. Будзе яшчэ такая ж па значнасці падзея, якую мы чакаем — гэта Парусія, або другое прыйсце Пана ў хвале на пры канцы часоў. Усе гэтыя падзеі, прынятыя і перажытыя з верай, могуць асвятліць таямніцы нашага штодзённага жыцця. Святло Аб’яўлення паказвае нам навізну сітуацыі чалавека пасля Уваскрасення Пана. Хрыстус заслужыў вечнае жыццё для кожнага чалавека: грэшніка і святога, верніка і няверуючага. Ён памірае за ўсіх і ўсім адчыняе брамы вечнасці. Няма такога чалавека, на якога не сышла б ласка Яго ўваскрасення.
Апосталы, убачыўшы Уваскрослага Пана і атрымаўшы моц Яго Духа, становяцца зусім іншымі людзьмі. Пётр смела абвяшчае праўду аб смерці і ўваскрасенні Хрыста. Іншыя становяцца поўнымі радасці і адвагі, смеласці і энтузіязму. Яны радуюцца, што дзеля Евангелля могуць цярпець і зносіць цяжкасці. Яны ўпэўненыя, што больш трэба слухацца Бога, чым людзей. Яны чыняць шмат знакаў і цудаў, выконваючы запавет Хрыста – каб кожны чалавек быў збаўлены і мог атрымаць шчаслівую вечнасць, якая будзе заключацца ў пазнаванні Пана Бога і Яго – Таго, каго Бог паслаў.
Часам мы сумныя, прыгнечаныя. Гэта яўны знак таго, што мы ўсё яшчэ спрабуем жыць самі па сабе, далёка ад Хрыста, што ілюзія самадастатковасці кіруе намі і нашым жыццём, што мы яшчэ не сустрэлі Уваскрослага і не прыкіпелі да Яго ўсім сэрцам. Трэба нанова адкрываць Уваскрослага, Які абвясціў Божае імя людзям, Які заступаецца за нас і заўсёды прысутны ў Касцёле, супольнасці святых і мучанікаў, у Эўхарыстыі і шматлікіх дарах.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
