Разважанне на Вігілію ўрачыстасці Нараджэння Пана. 24 снежня

Евангелле Мц 1, 1-25

Радаслоўе Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.

Абрагам быў бацькам Ісаака; Ісаак — бацькам Якуба; Якуб — бацькам Юды і ягоных братоў; Юда быў бацькам Фарэса і Зары, маці якіх была Тамар. Фарэс быў бацькам Эзрома; Эзром — бацькам Арама, Арам — бацькам Амінадаба; Амінадаб — бацькам Наасона; Наасон — бацькам Сальмона; Сальмон — бацькам Бааза, а маці была Рахаб. Бааз быў бацькам Абэда, а маці была Рут. Абэд быў бацькам Есэя, а Есэй быў бацькам караля Давіда.

Давід быў бацькам Саламона, а маці ягоная была ранейшая жонка Урыі. Саламон быў бацькам Рабаама; Рабаам — бацькам Абія; Абій — бацькам Асы; Аса — бацькам Язафата; Язафат — бацькам Ярама; Ярам — бацькам Осіі; Осія — бацькам Яатама; Яатам — бацькам Ахаза; Ахаз — бацькам Эзэхіі; Эзэхія —бацькам Манасэса; Манасэс — бацькам Амона; Амон — бацькам Ёсіі; Ёсія — бацькам Ехоніі і ягоных братоў падчас вавілонскага перасялення.

А пасля вавілонскага перасялення Ехонія быў бацькам Салятыэля; Салятыэль — бацькам Зарабабэля; Зарабабэль — бацькам Абіюда; Абіюд —бацькам Эліяхіма; Эліяхім — бацькам Азора; Азор — бацькам Садока; Садок — бацькам Ахіма; Ахім — бацькам Эліюда; Эліюд — бацькам Элеазара; Элеазар — бацькам Маттана; Маттан — бацькам Якуба; Якуб — бацькам Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.

А ўсіх пакаленняў ад Абрагама да Давіда — чатырнаццаць, ад Давіда да вавілонскага перасялення — чатырнаццаць, і ад вавілонскага перасялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.

Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.

Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.

А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”.

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю, і не збліжаўся да Яе, аж нарадзіла Сына. І ён даў Яму імя Езус.

Прыйсце ў свет Бога ніякім чынам не з’яўляецца адарваным і адлучаным ад сусветнай гісторыі, наадварот цесна пераплеценым з ёй і непарыўна з’яднаным. Нараджэнне Бога мае не толькі сваё ўласнае месца ў гісторыі, але непарыўна звязана з гісторыямі канкрэтных чалавечых асоб, сем’яў і радоў.

Бог выхоўваў і нават шыхтаваў праз сваю задуму і доўгую чараду пакаленняў чалавечы род да сённяшняй падзеі. Узгадайма імёны, што прагучалі ў сённяшнім Евангеллі — многія з якіх добра вядомыя. Можна пералічваць некаторыя імёны з пункту гледжання біблійнай ды сусветнай гісторыі, але ў шэрагу прачытаных у сённяшнім Евангеллі  імён ёсць і тыя, якіх ніколі б не зафіксавалі летапісцы ў сваіх хроніках, не гледзячы на тое, што адны былі малавядомымі і непрыкметнымі постацямі, магчыма, і мы даведваемся пра іх упершыню, але іншыя выбітнымі, ці нават святымі, тым не менш у шырокім разуменні гісторыі і летапісаў не згаданыя нідзе. У жыцці большасці з іх было ўсё перамяшана, пэўныя перыяды іх жыцця былі светлыя, а пэўныя нават і цёмныя. Ва ўсім, ці прынамсі ў вельмі многім, яны былі падобныя да нас.

Бог не толькі становіцца адным з нас, але і ўваходзіць у нашу гісторыю, як у сусветную, так і асабістую, маю і тваю, майго і твайго жыцця. У святле сённяшняй падзеі бачна, што з роду ў род у чалавечай гісторыі адбываўся працэс ачышчэнне і выкоўвання, пакаленне за пакаленнем горшае высякалася і адыходзіла ў забыццё, а лепшае грумасцілася і беражліва перадавалася нашчадкам. Крок за крокам, стагоддзе за стагоддзем Бог рыхтаваў чалавечы род да таго, каб у свет прыйшоў Збаўца.

Урывак сённяшняга Евангелля даводзіць нам, што хрысціянства ставіцца да чалавечай гісторыі не як да чагосьці знешняга, неабавязковага і факультатыўнага, што можа быць у любы момант адсунута на перыферыю галоўных фактаў нашага збаўлення, а як да працэсу, праз які Бог здзяйсняе збаўленне кожнага з нас. Ён увайшоў у гэты свет як Немаўля, Якога мы сустрэнем гэтай ноччу, да Якога прыйдзем, забыўшыся на ўсе пустыя, непатрэбныя размовы, тыя ці іншыя імёны і асобы, пра добрых і дрэнных, сваіх і чужых, тых, хто нам падабаўся ці не, бо каля Яго гэта ўсё змаўкае.

Гісторыя, якая падводзіць да Немаўляці чалавецтва ў гэтую ноч, датыкаецца да вечнасці ды ў гэтай вечнасці раствараецца. Сёння, праз пячору Божага Нараджэння, да вечнасці і нам, з нашай гісторыі і роду, расчыняецца такая простая і такая ясная ў святле Бэтлеемскай зоркі дарога.

Разважанне падрыхтаваў кс. доктар Сяргей Сурыновіч

для друку для друку