Разважанне на Велікодную нядзелю. Год С. 17 красавіка

Евангелле Ян 20, 1–9

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго.

Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

Марыя Магдалена прыходзіць да магілы, дзе паклалі цела Езуса, калі было яшчэ цёмна. Гэта прыпамінае нам момант стварэння, апісаны ў Кнізе Быцця: “Няхай будзе святло!” (Быц 1,3). Павінна з’явіцца новае стварэнне. У Езусе Хрысце, у Ягонай перамозе над смерцю і злом мы прымаем удзел, як новы Божы народ, як новыя стварэнні, новыя людзі. Уваскрасенне Езуса – гэта не проста гістарычны факт, гэта падзея рэвалюцыйнага характару. Больш ужо не будзе так, як раней. Нарэшце чалавецтва атрымала надзею, што валадарству цемры прыходзіць канец.

Марыя Магдалена спачатку баіцца, што цела Пана хтосьці скраў. Яна дзеліцца з апосталамі сваімі сумнымі здагадкамі. Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго. Так, калі мы паспрабуем разабрацца ў дэталях, то з лёгкасцю прыйдзем да высновы, што не было ніякіх людскіх рабаўнікоў. Неверагоднай вагі камень адсунуты, каму гэта пад сілу? Палотны і хуста ляжаць, знятыя з цела. Навошта рабаўнікам гэта рабіць? Тым больш, што, як скажа пазней св. Ян Хрызастом, цела Хрыста падчас пахавання было намашчана мірам. У такім выпадку палотны настолькі моцна прылягалі да цела, што адарваць іх ад плоці было нерэальна.

І ўсё-ткі Рабаўнік гэтай магілы быў. Ён — той, каму падпарадкоўваюцца і зямля і нябёсы. Той, каму песню хвалы пяюць анёлы. Той, хто вуснамі прарока Эзэхіеля сказаў: “Я адкрыю вашыя магілы і выведу вас з грабніцаў вашых”( Эз 37,12). Тое, пра што марылі пакаленні людзей, адбылося. Сын Чалавечы паўстаў з мёртвых.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі