Разважанне на Велікодную нядзелю. 9 красавіка

Евангелле Ян 20, 1–9

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго.

Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

Сёння, “дзень, які Пан учыніў, будзем радавацца ў ім”, — спяваем падчас велікоднага перыяду. Сапраўды, рэфрэн з псальма 117 паглыбляе цэлебрацыю хрысціянскай веры. Бог Айцец вывеў з магілы свайго Сына Езуса Хрыста, Умілаванага – якога “Бог уваскрэсіў на трэці дзень”. Паўстаўшы з мёртвых, Божы Сын спаўняе ўласнае абяцанне: “І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Mц 28, 20). Уваскрэслы

Хрыстус застаецца з намі, пілігрымуе з чалавекам па шляхах жыцця. З’яўляецца нашым Панам і Збаўцам у кожным месцы і ў кожны час. Ён прысутны ў слове Евангелля, у святых сакрамантах, у супольнасці Касцёла, падтрымлівае нас у штодзённым паміранні для граху і ў жыцці для Бога (пар. Рым 6, 11).

Хрыстус уваскрос — святкуйма гэту падзею з радасцю і любоўю, бо наш Збаўца перамог смерць, грэх і смутак… і адчыніў для нас дзверы новага жыцця, сапраўднага жыцця, якой Дух Святы адорвае нас праз бязмежную глыбіню сваёй ласкі. Хрыстус — наш супакой і наша дарога. Сёння ён “цалкам раскрывае чалавека перад самім сабой і паказвае яму найвышэйшае яго пакліканне” (пар.ІІ ВС Gaudium et Spes, 22).

Вялікім знакам, які Евангелле паказвае нам сёння, з’яўляецца пустая магіла Езуса. Нам больш не трэба шукаць жывога сярод памерлых, бо Ён уваскрэс. І вучні, якія пазней убачаць яго ўваскрэслым — гэта значыць, якія адчуюць яго ў рэальным жыцці падчас цудоўнай сустрэчы са сваім Настаўнікам і Збаўцам — зразумеюць, што ў магіле пустата. Пустая магіла і з’яўленне Езуса нішто іншае, як вялікія знакі для вернікаў. У Евангеллі чытаем, што “Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў“. Гэтыя знакі заўсёды суправаджаюць чалавека да знаходжання і паглыблення веры.

Пасля сустрэчы з уваскрэслым Езусам у жыцці Апосталаў усё змянілася. Напалоханыя і поўныя сумненняў падчас трагічных момантаў Вялікай пятніцы, сёння яны становяцца адважнымі сведкамі Добрай Навіны. Ужо не баяцца кінуць у твар правадырам людзей: “Не можам маўчаць пра тое, што мы бачылі і чулі” (пар. Дз 4, 20). Пётр, які, адрокся ад Хрыста тройчы, мае моц і адвагу, каб стаць перад натоўпам, каб папракнуць наўпрост: “Рукамі бязбожных вы забілі Справядлівага” (пар. Дз 2, 23). Многія былі ўзрушаны гэтымі словамі, таму пыталіся, што павінны рабіць. Адказ Пятра быў просты: паверыць ва Уваскрэслага (пар. Дз 2, 37–38).

Мы сёння таксама патрабуем мужнасці Апосталаў і веры ва ўваскрэслага Хрыста. Так проста, на першы погляд, аднак так складана. Пустая магіла запаўняе нашу ўнутраную пустату і асвячае цемру, задавальняе імкненне да вечнасці і дадае адвагі.

“Убачыць і паверыць” вучняў павінна стаць і нашым. Адновім нашу пасхальную веру. Хай Хрыстус будзе нашым Панам ва ўсім. Дазволім, каб Яго жыццё ажыўляла нашае, адновім атрыманую ласку святога хрышчэння. Станем Яго апосталамі і вернымі паслядоўнікамі. Будзем кіравацца любоўю і абвяшчаць усім радасць веры ў Хрыста. Будзем напоўненымі надзеі і глыбокай веры сведкамі Яго ўваскрэсення!

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку