У той час:
Езус, выйшаўшы з сінагогі, прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу сказалі Езусу пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І прайшла ў яе гарачка; і жанчына пачала служыць ім.
Калі ж настаў вечар і калі зайшло сонца, прынослі да Яго ўсіх нядужых і апантаных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён жа аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; і не дазваляў злым духам казаць, што яны ведалі Яго. А раніцай, устаўшы вельмі рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Сымон і тыя, хто быў разам з ім, пайшлі за Ім. І, калі знайшлі Яго, сказалі Яму: Усе шукаюць Цябе. Ён адказаў ім: Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў.
І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.
Езус прыходзіць у дом апостала Пятра разам з іншымі вучнямі. Настаўніку адразу гавораць непрыемную навіну. Цешча Пятра ляжыць у гарачцы. У век адсутнасці антыбіётыкаў сітуацыя сур’ёзная. Магчыма, гэта была малярыя ці іншае захворванне. Звернем увагу на слова “адразу”. Езусу адразу гавораць пра праблему. Калі мы маем у нашым жыцці падобныя сітуацыі, нам неабходна дзейнічаць такім жа чынам. Адразу гаварыць Богу пра свае праблемы, пра хворых сваякоў, пра клопаты ў сям’і. Не чараўніцы і экстрасэнсы наш паратунак, а сам Езус.
Нельга адцягваць прыманне сакраманту намашчэння хворых. Ён устаноўлены ў Касцёле менавіта для таго, каб дапамагаць хворым хутчэй устаць на ногі. Аднак жа ёсць яшчэ вельмі важная акалічнасць. Каб аздараўленне адбылося, Езус павінен быць у нашым доме. Трэба запрасіць Яго ў сваю сям’ю. Па чым бачна, што Бог прабывае сярод нас? Ці па надпісе на дзвярах С+М+Б+2021? Напэўна, не. Бог ёсць там, дзе людзі збіраюцца ў Яго імя. Дзе ёсць малітва, закліканне Яго святога імені і прабачэнне ў Яго імя.
Пастава цешчы Пятра таксама вымоўная. Адразу пасля выздараўлення яна пачынае прыслужваць Хрысту і вучням. Калі мы атрымліваем нейкі дар ад Бога, натуральнае наступства гэтага – удзячнае паслугаванне Касцёлу, супольнасці. Быць можа, мая парафія патрабуе якраз маёй ахвярнай дзейнасці? Задумаюся, чым я магу дапамагчы Касцёлу?
На наступны дзень Езус накіроўваецца на малітву. Заўважым акалічнасці гэтага. Па-першае, Ён устае вельмі рана, яшчэ перад узыходам сонца. Па-другое, Езус ідзе ў пустыннае месца. Гэтыя два моманты могуць быць добрай падказкай і для мяне, каб мая малітва была плённая. Варта прысвяціць Богу свой ранішні час і пастарацца засяродзіцца на малітве, калі ніхто і нішто не замінае ў гэтым.
Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
для друку