Евангелле Ян 14, 1–12
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы Я вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце.
Кажа яму Тамаш: Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?
Езус сказаў яму: Я — дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго. І ад гэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі.
Філіп кажа Яму: Пане, пакажы нам Айца і хопіць нам.
Адказаў яму Езус: Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца. То чаму ты кажаш: Пакажы нам Айца? Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Але Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы свае. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх учынкаў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца Майго.
У сённяшнім Евангеллі Філіп просіць Езуса паказаць Айца. Езус вельмі прама адказвае: “Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца”, — падкрэсліваючы, што той, хто бачыць Яго справы, бачыць справы Айца, такім чынам, указваючы на ўсе Асобы Тройцы, якія заўсёды прабываюць у еднасці і любові.
Бог для таго стаўся чалавекам, каб і мы маглі пранікнуцца гэтай еднасцю і любоўю. Праз уцелаўленне Божага Сына чалавек асаблівым чынам становіцца блізкім да Айца. Блізкасць — гэта стыль Бога, які асаблівым чынам рэалізоўваецца ў Яго Сыне. Бог не выкарыстоўвае пустых слоў ці аддае перавагу маўчанню, кажа няшмат, але заўсёды знаходзіцца побач. Езус не хавае праўды і прамаўляе адкрыта, і ў той жа час з лагоднасцю. Прамаўляючы да вучняў, Ён заклікае іх не трывожыцца і мець веру, бо ў доме Айца “шмат святліц”, а Ён ідзе падрыхтаваць месца для іх. Ён першы ідзе, каб адкрыць дзверы той святліцы, у якую хоча прывесці нас.
Езус кажа: “ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне”. Тая самая думка прагучала падчас чытання Евангелля на Святой Імшы ў мінулую нядзелю: “сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу”.
У Хрысце, сваім Сыне, Бог Айцец дае нам дэпазіт веры, якая, у сваю чаргу, і з’яўляецца гарантам нашага збаўлення. Папросім Пана аб ласцы адкрытасці на блізкасць з Богам і глыбокай веры. Застаючыся вернымі Богу, прабываючы з Ім у еднасці, Езус адкрывае нам браму надзеі, якая вядзе ў Валадарства Божае да Нябеснага Айца.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
