Разважанне на V нядзелю Вялікага посту. Год В. 21 сакавіка

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 12, 20–33

У той час:

Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Пане, мы хочам бачыць Езуса. Філіп пайшоў і сказаў пра гэта Андрэю. І пайшлі Андрэй з Філіпам, і расказалі Езусу.

А Езус сказаў ім у адказ: Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё! І пачуўся з неба голас: Уславіў і ўслаўлю зноў.

Народ, які стаяў і чуў гэта, казаў: Гэта гром. Іншыя ж казалі: Анёл гаварыў з Ім. А Езус адказаў, кажучы: Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе.
Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меўся памерці.

З Евангелля мы даведваемся, што некаторыя грэкі прыйшлі і хацелі ўбачыць Езуса. Магчыма, яны былі патэнцыйнымі канвертытамі – тымі, хто збіраўся прыняць юдаізм, – таму і захацелі наведаць Ерусалім на свята Пасхі. У адказ на гэта Езус кажа: настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Чаму Езус такую вагу прывязвае да з’яўлення на яго шляху людзей-неяўрэяў? Справа ў тым, што прыход Месіі ў свет звязаны са збаўленнем усіх народаў. І Езус хоць і належыць паводле цела да ізраільскага народа, Ён з’яўляецца Збаўцам усіх людзей. Яго місія не была абмежаваная толькі ізраільцянамі. Мы добра памятаем Яго размову з жанчынай-самаранкай ля студні і вызваленне ад уплыву д’ябла апантанай дачкі жанчыны-сірафінікіянкі.

Езус у Евангеллі нагадвае нам пра самаахвярнасць. Пшанічнае зерне, каб даць плён, мусіць быць укінутае ў зямлю і памерці. Няма іншага шляху, каб з’явіўся хлеб на стале. Езус часта ўжывае вобраз зярнятка, каб перадаць нам важнае пасланне. У гэтым кантэксце зярнятка – гэта Ён Сам, Збаўца, Які будзе ўзняты высока на крыжы, памрэ, будзе пахаваны і ўваскрэсне. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. Калі мы хочам паспрабаваць дасягнуць пэўнай дасканаласці, нам неабходна памятаць пра гэтыя словы Хрыста. Няма іншай дарогі да вечнага жыцця, да Нябеснага Валадарства, як толькі праз самаадрачэнне. Езус паказвае нам прыклад гэтага. Ён памёр, каб уваскрэснуць, і нас заклікае ісці следам за Ім.

Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі