Разважанне на V Нядзелю Вялікага посту. Год С. 3 красавіка

Евангелле Ян 8, 1–11

У той час:

Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў з’явіўся ў святыні. І ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Паставілі яе пасярэдзіне і сказалі Яму: Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужалостве. А Майсей наказаў нам у Законе каменаваць такіх. А Ты што скажаш? Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго.

Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень. І зноў, схіліўшыся, пісаў па зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, выйшлі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся адзін Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне.

Езус выпрастаўся і сказаў ёй: Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе? Яна адказала: Ніхто, Пане. Езус сказаў ёй: I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы.

Знакамітая сцэна з блудніцай, якую схапілі на чужалостве, добра нам вядомая. Разважаючы над ёй, насоўваюцца розныя пытанні. Калі яна была злоўленая на чужалостве, то дзе ж саўдзельнік гэтага граху? Калі кніжнікі і фарысеі сапраўды былі відавочнымі сведкамі гэтага грэхападзення, то чаму іхнае рвенне караць абмежавалася толькі жанчынай? Дзе ж мужчына? Выглядае на тое, што абвінаваўцы вырашылі вяршыць правасуддзе толькі над тым, хто безабаронны і слабейшы. А можа саўдзельнік чужалоства быў якраз у натоўпе гэтых “праведнікаў”? Гора чалавеку і грамадству ў цэлым, калі, прыкрываючыся выкананнем закону, робіць злачынства, калі трактуе юрыдычныя фармулёўкі аднабакова і крывадушна.

Езус праяўляе міласэрнасць да беднай жанчыны. Як скажа пазней св. Аўгусцін, сустрэліся Міласэрнасць і мізэрнасць (Misericordia et misera). Настаўнік нешта піша пальцам на пяску. Айцы Касцёла выказваюць здагадку, што Ён пералічваў грахі прысутных фарысеяў і кніжнікаў. Хто з вас без граху? – гэтае пытанне гучыць рэхам праз стагоддзі і адбіваецца ў нашых сэрцах таксама і сёння. У перыяд Вялікага посту нам варта выкінуць са свайго жыцця жаданне асуджэння, праклёну і помсты. Людзей трэба любіць і шанаваць. А асуджаць толькі сам грэх.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі