Евангелле Ян 11, 3–7. 17. 20–27. 33b–45
У той час:
Сёстры паслалі сказаць Езусу: Пане, той, каго Ты любіш, хворы. Пачуўшы гэта, Езус сказаў: Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Чалавечы праславіўся праз яе. Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара.
Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: Пойдзем зноў у Юдэю. Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.
Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе.
Езус сказаў ёй: Уваскрэсне брат твой. Марта сказала Яму: Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень. Езус сказаў ёй: Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?
Яна адказала Яму: Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет. Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: Дзе вы паклалі яго? Адказалі Яму: Пане, ідзі і паглядзі. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: Глядзі, як Ён любіў яго. А некаторыя з іх сказалі: Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?
Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Кажа Езус: Адсуньце камень. Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр. Езус кажа Ёй: Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі вонкі. І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Езус кажа ім: Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць.
Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.
Сёння Касцёл прадстаўляе нам вялікі цуд: Езус уваскрашае мёртвага, чалавека які ўжо не жывы некалькі дзён. Марта папярэджвае Езуса і выказвае надзею: “Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе.” Збаў жа на гэта дае ясны адказ: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі”.
Далей Месія, задаючы пытанне Марце, пытаецца ва ўсіх нас: “Вы ў гэта верыце?”. Ці верым мы, што Бог дае нам новае жыццё, якое распачалося ў сакрамэнце Хросту? Святы Павел кажа, што мы — новае стварэнне (пар. 2 Кар 5, 17). Уваскрасенне жа з’яўляецца падмуркам нашай надзеі, якая грунтуецца не на нейкай будучай патэнцыяльнай магчымасці, далёкай і ўмоўнай, але на канкрэтным факце: “Пан ёсць уваскрасенне і жыццё”.
Езус кажа пасля ўваскрашэння Лазара: “Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць”. Збаўца вызваліў нас ад кайданоў граху, у якіх мы ўсе апынуліся, якімі звязаны і ахутаны. Папа Леў казаў: “Памылкі пераадолены, улады асуджаныя, і свет мае новы пачатак, бо калі з Ім церпім, з Ім будзем і валадарыць (пар. Рым 8, 17). Гэтая перавага прызначана не толькі для тых, хто абараняе імя Пана і пакутуе ад бязбожнікаў. Бо ўсе, хто служыць Богу і жыве ў Ім, укрыжаваныя ў Хрысце і дасягнуць вянца ў Хрысце”.
Мы, хрысціяне, пакліканы ўжо тут, на гэтай зямлі, жыць новым звышнатуральным жыццём, якое робіць нас здольнымі верыць у нашу перамогу над тленнасцю і грахом. Лагічна, што ў гэтыя дні Вялікага Посту мы стараемся як мага бліжэй ісці за Езусам Настаўнікам і Яго наследаваць. Такія традыцыі, як Крыжовы шлях, разважанні над таямніцамі Ружанца, тэксты Евангелля, усё… карыснае. Надзея, зыходзячая з веры, якую таксама ўскладаем на Марыю, Маці Езуса Хрыста, і на нашу Маці, якая з’яўляецца своеасаблівай іконай гэтай надзеі і указанне шляху для нас, дазволіць нам перажываць уваскрашэнне і нашае, слухаючы Хрыста і ідучы за Яго голасам.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!