Разважанне на свята Святой Сям’і. Год В. 27 снежня

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 2, 22–40

Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам, як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або два галубкі.

 Жыў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Быў гэта чалавек праведны і пабожны, які чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Адкрыў яму Дух Святы, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў, натхнёны Духам, у святыню. І калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закона, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

 Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё…

З сённяшняга свята і евангельскага паслання мы можам заўважыць адну вельмі істотную рысу, якая так неабходная сучасным сем’ям! Марыя з Юзафам занеслі сваё дзіця Езуса ў святыню, каб прадставіць прад Панам. Дзяцей неабходна прадставіць Пану! Што гэта азначае? Перш-наперш неабходна памятаць маладым бацькам пра сакрамант Хросту. Сёння даволі часта даводзіцца сустракацца з меркаваннем, што дзяцей хрысціць у маленькім узросце не варта, бо яны самі пазней выберуць сабе канфесію, або будуць атэістамі. Такое разуменне ў корне няправільнае. Якраз такі ў самым дзяцінстве дзецям і неабходна даць доступ да Божай ласкі! А цудоўная вандроўка да Нябеснага Валадарства якраз-такі пачынаецца ад моманту Хросту, калі перад чалавекам расчыняюцца брамы раю. Другі момант, які вельмі важны ў выхаванні дзяцей – гэта рэлігійнае выхаванне. Евангельскі тэкст гаворыць: Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім. Сёння такі вялікі выбар у бацькоў! Ёсць розныя курсы, класы і секцыі, дзе можна запісаць дзіця. І вельмі добра, што сучасныя дзеці развіваюцца ў спорце, музыцы і ў мастацтве. Аднак вельмі сумна, калі катэхеза і ўдзел у Святой Імшы адыходзіць на другі план. Школа і навука не могуць замяніць Божай ласкі! Таму так важна, каб бацькі звярталі ўвагу на выхаванне сваіх дзяцей праз малітву і ўдзел у святых сакрамантах. Каб такое выхаванне было дзейсным, патрэбны і ўласны прыклад. У Свята Святой Сям’і молімся аб святасць для беларускіх сем’яў!

Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку