Разважанне на свята Хросту Пана. Год В. 10 студзеня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 1, 7–11

У той час:

Ян Хрысціцель прапаведаваў, кажучы: Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на ягоных сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым.

І сталася ў тыя дні, прыйшоў Езус з Назарэту, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. І адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя, і Духа, як голуба, сыходзячага на Яго. І пачуўся голас з нябёсаў:

Ты Сын Мой умілаваны,
Цябе ўпадабаў Я.

У Свята Хросту Пана мы разважаем пачатак місійнай дзейнасці Хрыста. Наш Збавіцель захацеў пакінуць свой бацькоўскі дом у Назарэце і пайсці на поўдзень, туды, дзе сэрцы многіх людзей абуджаў Ян Хрысціцель. Навошта было Езусу прымаць хрост з рук прарока? Ці ж Ён быў грэшнікам і патрабаваў навяртання? Канешне, не. Ян Хрысціцель так і кажа: Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на ягоных сандалях. Моцным і Усемагутным у яўрэйскай традыцыі называлі толькі Бога. А Бог святы і яму няма патрэбы навяртацца. Езус прымае хрост з рук Яна Хрысціцеля, каб надаць вадзе моц ачышчэння. Гэта мы, звычайныя грэшнікі, патрабуем навяртання і пераменаў. Таму ў Свята Хросту Пана хочам успомніць свой уласны сакрамантальны Хрост і падзякаваць Богу за збаўленне. Праз Хрост мы сталіся дзецьмі Божымі, праз Хрост перад намі адчыненыя брамы раю, праз Хрост мы становімся ўдзельнікамі такой цудоўнай і вялікай сям’і – Каталіцкага Касцёла, праз Хрост мы пазначаныя незнішчальнай пячаткай самога Бога, Які гаворыць: Ты мой, ты мая. Так як у момант хросту Езуса пачуўся голас з вышыні, так і ў нашым выпадку Бог называе нас узлюбленымі. Дар святога Хросту азначае для нас і заданне: мы не павінны змарнаваць Божых ласкаў. Нам трэба развіваць у сабе духоўнае жыццё, прымаючы сакраманты, молячыся і даючы сведчанне аб Хрысце.

Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку