Разважанне на ўрачыстасць Звеставання Пана. 25 сакавіка

Евангелле Лк 1, 26-38

У той час:

Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.

Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.

І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.

А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.

Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл.

На самым пачатку сённяшняга Евангелля святы Лука ўдакладняе, што падзея Звеставання Пана адбываецца на шостым месяцы пасля нараджэння Яна Хрысціцеля. Лічбу шэсць мы можам прачытаць у кантэксце шостага дня стварэння, у які “стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну” (Быц 1, 27). Праз таямніцу Богаўцелаўлення, у якой неба цалуе зямлю, у гісторыю ўваходзіць вечнасць. Гэта першы акт хрысціянскай гісторыі адкуплення, у якім паслухмянасць Панны Марыі ўраўнаважвае непаслухмянасць Евы.

Евангельскі тэкст паказвае нам анёла Габрыэля, пасланага Богам. З габрэйскай мовы мы можам перакласці гэта імя, як «Бог моцны». У біблейскіх тэкстах анёлы заўсёды з’яўляюцца блізкімі да Бога, а іх галоўная функцыя — звеставаць ад імя Бога ці выконваць дзеянне па загадзе самога Богам. Анёлы з’яўляюцца прадстаўнікамі збаўчай Божай сілы. З аднаго боку, прысутнасць анёла ў сцэне Звеставання паказвае на асаблівую ласку, якой Бог ахінае Марыю, з іншага боку, – на збаўчы характар гэтай падзеі.

Звяртаючыся да Марыі, анёл Габрыэль паўтарае словы прарока Ісаі, якімі той прадказаў нараджэнне Месіі ад Панны: “Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дасць Яму імя Эммануэль, што значыць Бог з намі” (Іс 7, 14; пар. Мц 1, 21). Словы прароцтва знаходзяць увасабленне ў Марыі, якой анёл паведамляе: “Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца” (Лк 1, 31-33).

Прыметнік “вялікі”, якім акрэслівае анёл Езуса, у Старым Запавеце найчасцей адносіўся да Бога: “Нікога нельга параўнаць з Табою, Пане! Ты — вялікі і вялікае ды магутнае Тваё імя!” (Ер 10, 6). Выкарыстоўваючы менавіта гэты прыметнік, евангеліст хоча падкрэсліць боскасць Езуса ад самога моманту зачацця.

Асоба Езуса вызначаецца як «Сын Найвышэйшага». Такім чынам, Езус — Сын Божы, у якім адкрываецца аблічча Бога і Божы план збаўлення. Указваючы такім чынам на паходжанне Езуса ад Бога Айца, евангеліст таксама падае генеалогію чалавека (пар. Лк 3, 23-38), падкрэсліваючы паходжанне Езуса ад цара Давіда. Гэтыя словы становяцца больш зразумелымі ў кантэксце прароцтва Натана цару Давіду: “Калі ж скончацца твае дні і ты спачнеш з бацькамі сваімі, тады я абуджу пасля цябе патомка твайго, які выйдзе з улоння твайго, і ўмацую ягонае валадарства. Ён збудуе дом Майму імені, а Я ўмацую трон яго панавання навекі. Я буду яму Айцом, а ён будзе Мне сынам. Калі ён учыніць беззаконне, Я пакараю яго людскою розгаю і ўдарамі чалавечых сыноў. Але міласэрнасці сваёй не адыму ў яго, як адняў у Саўла, папярэдніка твайго, якога Я адкінуў. І будзе непахісным дом твой і валадарства тваё навекі перад абліччам Маім, і трон твой будзе ўмацаваны навекі” (2 Сам 7, 12–16).

“Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?” (Лк 1, 34) — пытаецца Марыя ў анёла Габрыэля, датыкаючыся таямніцы сумяшчальніцтва мацярынства і дзявоцтва. Адказ Анёла грунтуецца на падкрэсліванні стваральнага ўмяшальніцтва Бога: “Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага” (Лк 1, 35-37). Марыя, ставячы пытанне, пацвярджае сваё дзявоцтва і сваю адкрытасць на дзеянне Божай моцы, для якой няма нічога немагчымага, таму стаецца Маці Божага Сына праз дзеянне Святога Духа.

У тэалогія святога Лукі Дух Святы выконвае найчасцей дзве функцыі. З аднаго боку натхняе, асвячае, дае здольнасць да навучання і сведчання (пар. Лк 1, 41. 67; 10, 21; 12, 12), з другога боку, з’яўляецца стваральнай моцай (пар. Лк 1, 35; 4, 14; Дз 1, 8). Дух Святы будуе унутраную гармонію стасункаў Марыі і Сына, якая дазволіць Ёй рэалізаваць ў поўні сваё мацярынства адносна Езуса і суправаджаць Яго у выкананні Божага плану збаўлення.

Згода Марыі, якая выражаецца ў словах “вось я слуга Пана, няхай мне станецца паводле Яго слова” (Лк 1, 38), перадае Яе адкрытасць на Бога. У грэцкім тэксце Евангелля ад Лукі ўсім нам вядомае лацінскае “fiat” Марыі перададзена ў рэдкай форме дзеяслова “γένοιτό”, выкарыстанага ў граматычнай форме аптаціва. Звычайна гэтая форма паказвае на характар жадання, але ў гэтым выпадку набывае значэнне пакорлівага прыняцця і згоды. Менавіта гэты дзеяслоў ў дадзенай форме вельмі часта ўказвае на габрэйскую тэксталогію евангеліста Лукі, дзе гэтае слова адпавядае габрэйскаму слову “амэн”. У гэтым кантэксце “fiat” Марыі набывае характар асаблівай урачыстасці і радасці, перапоўнены не толькі паслухмяным прыняццем волі Айца Нябеснага, але, перш за ўсё, цвёрдай і непахіснай верай, чыстай і даверлівай пакорлівасцю.

Евангельскі сюжэт Звеставання прадстаўляе нам момант спаткання Божай волі са свабодай чалавека. У ім паказаны свабодны адказ Марыі на Божае запрашэнне, у чым выяўляецца Яе асаблівая веліч. Праз “γένοιτό”, “амэн”, “fiat” Марыі адначасова рэалізуецца таямніца Уцелаўлення Божага Сына і збаўлення чалавецтва. У яе сціплым доме Вечнасць датыкаецца да бягучай гісторыі — “Слова сталася целам і пасялілася між намі” (Ян 1, 14). Звычайная габрэйская дзяўчына атрымоўвае імя “Поўная ласкі”. Праз Яе Бог жадае адкрыць чалавецтву магчымасць жыцця ў ласцы і святасці. Яна становіцца Маці Збаўцы свету. Бог праз Марыю набывае новае імя, у сваім гучанні перапоўненае надзеяй і радасцю, дзейснай прысутнасцю ў жыцці кожнага з нас — “з намі Бог”, Эммануэль!

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку