ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 1, 39–56
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго! Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.
У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў, і вярнулася ў дом свой.
Ва ўрыўку, які мы сёння чытаем ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, апісваецца сустрэча Панны Марыі і яе сваячкі Альжбеты. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. На прывітанне Марыі Альжбета напаўняецца Духам Святым. Як жа часта ў нашых сустрэчах і размовах усё адбываецца наадварот. Ад прамоўленага слова чалавек напаўняецца, на жаль, іншым духам. Ад словаў чалавека, бывае, нараджаецца зайздрасць, крыўда, жаданне помсты. Задамо сабе пытанне: ці ад маёй сустрэчы з іншым чалавекам хтосьці можа напоўніцца Духам Святым? Марыя паказвае нам, што гэта магчыма. Мы можам прыносіць Бога іншым людзям. Мы можам быць вестунамі Добрай Навіны. Езус хоча, каб мы нашымі словамі і нашымі ўчынкамі прыносілі Яго людзям. Сённяшні свет шмат чуе пра войны і катастрофы. Першыя палосы газет рэдка змяшчаюць нейкую добрую навіну. На іх канцэнтруецца пераважна нейкая сенсацыя з адмоўным адценнем. Альжбета ж усклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго! Гэтая святая жанчына прамаўляе малітву. У адказ на прывітанне Марыі Альжбета моліцца, праслаўляе Бога! Няхай жа і ў нашых сустрэчах прысутнічае Божая ласка, а нашыя словы, сказаныя людзям, выклікаюць у іх жаданне быць добрымі і святымі.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
