Евангелле Мц 1, 16. 18–21. 24а
Якуб быў бацькам Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.
Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць, хацеў патаемна адпусціць Яе.
Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.
Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.
Евангелле з сённяшняй урачыстасці ў самым сваім пачатку, здавалася б нам, паведамляе пра паходжанне святога Юзафа: “Якуб быў бацькам Юзафа” (Мц 1, 16а). Калі звярнуцца да ўсяго радаводу Езуса Хрыста, што падае евангеліст Мацвей, заўважым, што 42 разы паўтараецца словазлучэнне “быў бацькам”, аднак генеалогія заканчваецца словамі: “мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом” (Мц 1, 16b). Гэтая заўвага евангеліста падкрэслівае, што Юзаф не з’яўляўся фізічным бацькам Езуса, але фізічнай маці Месіі была Найсвяцейшая Панна Марыя.
І святы Юзаф, як даведваемся з Евангелля паводле Мацвея, і Найсвяцейшая Панна Марыя, як сведчыць радавод з Евангелля паводле Лукі (пар. Лк 3, 23-28), мелі агульнага продка — цара Давіда, ад якога паходзіць Хрыстус. Абодва Евангеллі падкрэсліваюць, што Езус быў зачаты не ад Юзафа, а праз Духа Святога. Марыя ж застаецца Паннай, праз якую спаўняецца прароцтва: “вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог” (Мц 1, 23; пар. Іс 7, 14; 8,10). Езус — адзінародны Сын Айца, а святы Юзаф — толькі яго прыёмны бацька.
Адразу пасля прадстаўлення радаводу евангеліст Мацвей абвяшчае: “такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога” (Мц 1, 18). Евангеліст Лука таксама ўказвае на зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі ад Духа Святога: “і сказала Марыя анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не знаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым” (Лк 1, 34-35).
Паўстае лагічнае пытанне: чаму ў радаводзе Езуса Хрыста ўзгадваецца святы Юзаф, калі ён з’яўляецца толькі апекуном Збаўцы? Святы Аўгустын з Гіппоны лічыў, што вычарпальны адказ заключаецца ў тым, што Юзаф быў бацькам праз ўсынаўленне. Гэтага дастаткова дзеля таго, каб Есус быў нашчадкам Давіда па яго лініі. Тэртуліян жа, адзін з найбольш выбітных раннехрысціянскіх пісьменнікаў, тэолагаў і апалагетаў, аргументаваў паходжанне Хрыста з роду Давіда праз нараджэнне ад Дзевы Марыі, якая, згодна радаводу евангеліста Лукі, да гэтага роду належала. У якасці біблійнага пацверджання ён прыводзіў таксама словы Апостала Паўла пра Езуса: “Які целам паходзіў з роду Давіда і адкрыўся як Божы Сын у моцы” (Рым 1, 3).
На чым жа палягала апякунская місія святога Юзафа? Святы Юзаф быў справядлівым і не жадаў зняслаўлення сваёй жонкі Марыі, якая зачала ад Духа Святога, таму хацеў патаемна адпусціць Яе (пар. Мц 1, 18-19). Аднак Бог, Айцец Езус Хрыста, праз анёла, які з’явіўся святому ў сне, ясна тлумачыць перспектыву звеставання: “Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў” (Мц 1, 20-21). Святы Юзаф па волі Бога Айца, праз прыняцце Божай волі, стаецца датычным да найвялікшай таямніцы гісторыі збаўлення, якая здзяйсняецца ў Божым Сыне, народжаным ад Духа Святога Найсвяцейшай Паннай Марыяй.
Апякунства святога над Божым Сынам і выкананне абавязкаў зямнога бацькі Езуса Хрыста з’яўляюцца адмысловым абраннем і найвялікшым ўзвялічваннем гэтага чалавека Богам Айцом. Не будучы бацькам фізічным, ён становіцца адказным і, у пэўнай ступені, удзельнікам выканання Божага плану збаўлення чалавецтва, які здзяйсняецца ў Божым Сыне. Дар Божы, быць зямным бацькам Езуса Хрыста, пакорліва і паслухмяна прыняты ад Айца Нябеснага і сумленна выкананы, далучае святога Юзафа да найвялікшай таямніцы як зачацця і Богаўцелаўлення, так і збаўлення свету.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!