На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
Яно было ў Бога спрадвеку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло.
Было Святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Прыйшло да свайго, і свае Яго не прынялі. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, хто ні ад крыві, ні ад жадання цела, ні ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся.
Слова сталася целам і пасялілася між намі, і бачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.
Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: Гэта быў той, пра якога я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне. І з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён аб’вясціў.
Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў. Калі ж людзі ўсвядомілі, што ў гэтыя апошнія дні Ён гаварыў з намі ў Сыне, Якога зрабіў спадкаемцам усяго існага і праз Якога стварыў свет — свет не пазнаў Яго.
Выказваючы гэтую думку, евангеліст Ян пачынае сваё Евангелле ўзвышанымі, але дастаткова стрыманымі словамі. Ён адмаўляецца апісваць ідылічную падзею, з першых радкоў Евангелля акрэслівае самую сутнасць здарэння, што зводзіцца да Слова, як пачатку ўсяго. Няма ў гэтым апісанні Немаўляці, якому з замілаваннем можна праспяваць калядку, дапасоўваючы і разглядаючы прыйсце Божага Сына ў свет у катэгорыях людскога спосабу думкі. Нованароджаны ў Яна ў сілах няспынна выходзіць за рамкі чалавечых уяўленняў пра Яго. Перад намі Бог Усемагутны — у гэтым сутнасць сённяшняга свята.
Аб Яго прыйсці папярэджвалі. Быў пасланы Богам чалавек па імені Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Аднак, нягледзячы на гэтае падрыхтаванне і на тое, што Святло было праўдзівае, што асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць у свет, евангеліст Ян сумна канстатуе і фармулюе сутнасць драмы чалавецтва: у свеце было Слова, праз якое ён і быў створаны, аднак свет не спазнаў Яго. Прыйшло да сваіх, але свае Яго не прынялі. А павінна было быць па-іншаму! І ў выніку толькі тым, хто Яго прыняў, Слова дало сілы стаць дзецьмі Божымі.
Хто ж яны, гэтыя абраныя, дзеці Божыя? Евангеліст дае дакладнае азначэнне: тыя, хто верыць у імя Ягонае, хто ні ад крыві, ні ад жадання цела, ні ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся. Святы Ян ясна атаясамлівае сябе з імі. Таму больш не кажа “яны”, а толькі “мы”. Так Слова сталася целам і пасялілася між намі. І бачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. І з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Першая ласка — Закон, дадзены праз Майсея, каб сталася бачнай справядлівасць і Божы суд, а другая ласка — Ісціна, яб’яўленая ў самім Езусе Хрысце дзеля праўды ў невычэрпнай міласэрнасці Айца.
Разважанне падрыхтаваў кс. доктар Сяргей Сурыновіч
