Разважанне на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Год С. 12 чэрвеня

Евангелле Ян 16, 12–15

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам усё, што пачуў, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам.

Усе, што мае Айцец, гэта маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.

Ва ўрыўку Евангелля мы чытаем, што Езус кажа вучням: Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Духоўнае жыццё чалавека прасякнутае таямніцамі. Уваходзячы ў яго, нам трэба быць гатовымі да таго, што не ўсё і не адразу нам будзе зразумела. Бог пераўзыходзіць створаны Ім свет, Ён не з’яўляецца часткай гэтага свету, хоць і прысутнічае паўсюдна. Каб дасягнуць пэўнага поспеху ў духоўным жыцці, неабходная пакора, усведамленне сваёй абмежаванасці. Так як чалавек не ў стане самога сябе збавіць і зрабіць святым, так і не ў стане спазнаць трыадзіную істоту Бога. Як святасць, так і пазнанне прыходзяць да нас у дары. Гэта Божы падарунак у выглядзе Духа Святога, які асвятляе наш розум і асвячае нашую душу. Пагэтаму на працягу стагоддзяў гучыць голас Касцёла: Veni Sancte Spiritus! Прыйдзі, Дух Святы! Нам неабходная Яго дапамога, каб паступова перамяняцца ў Хрыста, каб пачынаць жыць нябесным, Боскім жыццём. Менавіта прасякнутасць Духам Святым робіць чалавека падрыхтаваным да ўваходу ў Божае Валадарства. Калі мы разважаем пра Найсвяцейшую Тройцу сёння, то таксама неабходна памятаць, што Тройца – гэта Боская супольнасць любові. Нам заўсёды трэба практыкавацца, выконваць гэтае зямное хатняе заданне: праяўляць учынкі любові, каб быць вартымі Неба. Хрысціяне пакліканыя да таго, каб ужо тут на зямлі жыць па правілах Божага Валадарства.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі