Разважанне на Пальмовую нядзелю. Год С. 10 красавіка

Мука Пана Лк 23, 1–49

Мука Пана нашага Езуса Хрыста.

Езус перад Пілатам

Ев. У той час падняліся старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі і павялі Яго да Пілата. Пачалі вінаваціць Яго, кажучы: Л. Мы знайшлі, што Ён зводзіць народ наш і забараняе плаціць падатак цэзару, і гаворыць, што Ён Месія-Кароль. Ев. Пілат жа спытаўся ў Яго: І. Ты Кароль юдэйскі? Ев. Ён сказаў яму ў адказ: Е. Ты кажаш. Ев. Тады Пілат сказаў першасвятарам і народу: І.  Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку. Ев. Але яны настойвалі, кажучы: Л. Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль. Ев. Калі Пілат пачуў пра Галілею, спытаўся, ці гэты чалавек галілеец? І, даведаўшыся, што Ён з краіны Ірада, адаслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні таксама быў у Ерузалеме.

Езус перад Ірадам

Ірад, калі ўбачыў Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў убачыць Яго, таму што чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць які-небудзь Ягоны цуд. І задаў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога яму не адказаў. А першасвятары і кніжнікі стаялі і заўзята вінавацілі Яго. Тады Ірад са сваімі жаўнерамі зняважыў Яго і насмяяўся над Ім, апрануў Яго ў бліскучае адзенне і адаслаў да Пілата. І ў той дзень Пілат і Ірад сталі сябрамі паміж сабою, бо раней яны былі ў варожасці.

Езус зноў перад судом Пілата

Пілат склікаў першасвятароў, начальнікаў і людзей і сказаў ім: І. Вы прывялі да Мяне гэтага Чалавека, як таго, хто бунтуе народ. І вось я перад вамі дапытаў Яго і не знайшоў у гэтым Чалавеку ніякай віны, у якой вы Яго вінаваціце. Таксама і Ірад, бо адаслаў Яго да нас. І Ён не ўчыніў нічога вартага смерці. Таму я, пасля бічавання, адпушчу Яго. Ев. Ён быў абавязаны звольніць ім на свята аднаго вязня. Але яны закрычалі ўсе разам: Л. Забі гэтага, а адпусці нам Бараббу! Ев. Ён быў пасаджаны ў вязніцу за бунт, які адбыўся ў горадзе, і за забойства. Пілат зноў прамовіў да іх, жадаючы адпусціць Езуса. Але яны крычалі: Л. Укрыжуй, укрыжуй Яго! Ев. Ён трэці раз сказаў ім: І. Што дрэннага зрабіў Ён? Я не знайшоў у Ім нічога вартага смерці. Я, пасля бічавання, адпушчу Яго. Ев. Але яны і далей з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі, і крык іх узрастаў. І Пілат вырашыў, каб сталася згодна з іх просьбай. І адпусціў ім пасаджанага ў вязніцу за бунт і забойства, якога яны прасілі, а Езуса аддаў іхняй волі.

Укрыжаванне Езуса

Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона кірынейца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам. Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус звярнуўся да іх і сказаў: Е. Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі. Тады пачнуць казаць гарам: упадзіце на нас; і пагоркам: накрыйце нас! Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім? Ев. Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў. І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: Е. Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць. Ев. І, дзелячы адзенне Ягонае, кінулі жэрабя. А людзі стаялі і глядзелі. І правадыры іхнія таксама насміхаліся, кажучы: Л. Іншых ратаваў, няхай уратуе сябе самога, калі Ён Месія, выбраны Богам. Ев. Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: Л. Калі Ты Кароль Юдэйскі, уратуй сябе самога. Ев. І быў над Ім надпіс: Гэта Кароль Юдэйскі. Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: І. Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас. Ев. Але другі папракнуў яго, кажучы: І. Нават Бога ты не баішся, бо церпіш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва і прымаем кару, вартую нашых учынкаў. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў. Ев. І сказаў: І. Узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства. Ев. І сказаў яму Езус: Е. Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раі.

Смерць Езуса

Ев. І было каля шостай гадзіны, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. І Езус закрычаў моцным голасам: Е. Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой. Ев. І, сказаўшы гэта, сканаў.

Усе становяцца на калені і некаторы час захоўваюць маўчанне

Сотнік убачыў, што сталася, і ўславіў Бога, кажучы: І. Сапраўды, Чалавек гэты быў справядлівы. Ев. І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі. А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэта.

Чаму крыж з’яўляецца сімвалам хрысціянства? Чаму мы так яго шануем, што вешаем у касцёлах, на сценах дамоў, робім знак крыжа рукой падчас малітвы? Таму што крыж – гэта знак перамогі Святла над цемрай, Дабра над злом, Любові над нянавісцю. Св. Кірыл Александрыйскі заўважае, што так як Адам з’еў плод з забароненага дрэва і паддаўся сілам цемры, так Езус сам з’яўляецца плодам на дрэве крыжа. Пасмакаваўшы гэты плод, чалавек набіраецца сілаў жыцця, вечнага жыцця. Менавіта таму ў сакраманце Эўхарыстыі мы спажываем Цела Хрыста. Таму што маем жыццёвую прагу не загінуць у цемры, але жыць вечна ў Божым святле. Ахвяра Езуса на крыжы была б проста праявай неверагоднай мужнасці і адданасці, калі б не адно “але”. Езус з’яўляецца Богам. Таму Яго ахвяра на крыжы мае бясконцы характар. Яна прасціраецца не толькі геаграфічна на ўсе народы зямлі, але пранікае ў глыбіні вякоў, праходзячы ў мінулае і будучае. Ахвяра Езуса мяняе парадак рэчаў назаўсёды. Свету патрэбны быў менавіта Боскі Адкупіцель. І таму заўсёды замала нашых малітваў, постаў і ахвяраў, каб збавіцца. Толькі Божая ласка можа прынесці нам гаючую асалоду і збаўленне. Вандроўнік у пустыні не зможа ацаліцца, пакуль не вып’е жыццядайнага глытка вады. Гэтаксама і мы, не могучы стварыць вады жыцця вечнага, можам яе толькі прасіць у Даўцы жыцця, а атрымаўшы, бясконца дзякаваць за неверагодны дар.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі