Разважанне на Пальмовую нядзелю або Нядзелю Мукі Пана, Год А. 2 красавіка

Евангелле Мц 21, 1–11

Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў, кажучы ім: Ідзіце ў вёску, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне. Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх.

І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам, які кажа: Скажыце дачцы Сіёна: Вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай.

Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус. Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх сваё адзенне, і Ён сеў на яго. І мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі:

Гасанна Сыну Давіда!
Благаслаўлёны той,
хто прыходзіць у імя Пана!
Гасанна на вьшынях!

І калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: Хто гэта? А народ адказваў: Гэта прарок Езус з Назарэту галілейскага.

У Пальмовую нядзелю мы ўглядаемся ў пакорлівага Езуса, які ўязджае ў Ерузалем верхам на асле. Мы бачым, як натоўпы людзей рассцілаюць на дарозе сваё адзенне, а іншыя зразаюць галінкі з дрэў і рассцілаюць іх на дарозе. І натоўп, які ішоў перад Ім, і ішоў за Ім, крычыць моцным голасам: “Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вьшынях!” Такім чынам людзі аддаюць славу Пану і ўсхваляюць Месію.

Хваліць кагосьці азначае прызнаваць, што ён важны і значны для нас. Таму, калі мы аддаём хвалу Богу, прызнаём, што толькі Ён важны, што Ён на першым месцы. Калі мы разумеем і прымаем гэта — адкрываем і прымаем таксама самых сябе ў праўдзе перад Богам і перад іншымі людзьмі. І гэтая праўда заключаецца ў нашым месцы і прызначэнні.

Адной з хвароб сучаснага чалавека з’яўляецца прысваенне чужой славы. Калі адзін з нас думае: “я важны”, то з гэтага пункту гледжання ён ацэньвае іншых як менш важных, нібы толькі фон для ўласнай “значнасці”. На вялікі жаль, у цені ўласнага самалюбства і выхваляння і надуманай уласнай “значнасці” знаходзяцца не толькі людзі, але часам і Бог. У такой паставе, перапоўненай пыхі, няма месца Божай хвале і праслаўленню.

Каб праслаўляць Бога сваім жыццём, мы павінны пастаянна злучацца з Езусам Хрыстом у любові. Шлях Збаўцы вядзе ад трыумфальнай “Гасанны”, да даверлівай адданасці волі Айца, Які лепш за ўсё ведае, што патрэбна і нам, яшчэ да таго, як мы Яго аб гэтым просім.

Мы павінны пастаянна спяваць “Гасанну” сваім годным жыццём, заснаваным на скале, якой з’яўляецца Сын Божы. Менавіта Ён дапамагае нам перажыць жыццёвыя буры, несці крыж неразумення, бессэнсоўнасці жыцця, не пагубіцца ў свеце спакус і выпрабаванняў ды быць праўдзівымі перад самымі сабой. Менавіта Ён дапамагае нам выбіраць дабро, прыгажосць і праўду, спыняючы глупства, хамства і разбурэнне свайго і чужога жыцця. Сорэн Кіркегар у сваёй кнізе пад назвай “Страх і трымценне” разважае: “(…) кожны быў вялікі па-свойму, і кожны паводле велічы таго, каго любіў. Бо той, хто любіў сябе, быў вялікі ў сабе; той, хто любіў людзей, стаў вялікім сваёй адданасцю; але той, хто палюбіў Бога, стаў большым за ўсіх”.

Распачынаючы Вялікі тыдзень найвялікшых таямніц нашай веры, мы хочам ісці за Месіяй, Які вядзе нас да пазнання поўнай праўды пра навакольны свет і пра нас самых. Выбіраючы Езуса, мы не толькі ўшаноўваем Бога Айца, але і ўзвышаемся, становімся ўдзельнікамі Яго праўдзівай славы. Яго ласкай мы ачышчаемся ад граху, які нас асляпляе, і можам служыць Хрысту, прысутнаму ў нашых братах. Усё дзеля большай славы Таго, “Хто ёсць, і Хто быў, і Хто надыходзіць”.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку