Разважанне на Пальмовую Нядзелю. Год В. 28 сакавіка

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 14, 1-15, 47

Было два дні да свята Пасхі і Праснакоў. І шукалі першасвятары і кніжнікі, як бы ўзяць Езуса хітрасцю і забіць, бо казалі: «Не ў свята, каб не было абурэння ў народзе».

І калі Езус быў у Бэтаніі, у доме пракажонага Сымона, і сядзеў за сталом, прыйшла жанчына з алебастравым флаконам міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і, разбіўшы флакон, выліла Яму на галаву. А некаторыя абураліся паміж сабою: «Навошта гэткае марнатраўства міра? Бо можна было прадаць гэтае міра больш чым за трыста дынараў і раздаць убогім». І папракалі яе.

Але Езус сказаў: «Пакіньце яе. Навошта дакучаеце ёй? Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне. Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім чыніць дабро; а Мяне не заўсёды маеце. Яна зрабіла, што магла: загадзя намасціла цела Маё для пахавання. Сапраўды кажу вам: дзе б ні абвяшчалася Евангелле па ўсім свеце, пра тое, што зрабіла яна, сказана будзе на ўспамін аб ёй».

І пайшоў Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, да першасвятароў, каб выдаць ім Езуса. Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму срэбранікі. І ён шукаў, як пры нагодзе выдаць Яго.

І ў першы дзень Праснакоў, калі ахвяравалі Пасху, сказалі Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе з’есці Пасху?» І Ён паслаў двух з вучняў сваіх, кажучы ім: «Ідзіце ў горад; там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім і там, куды ўвойдзе, скажаце гаспадару дому: “Настаўнік кажа: дзе святліца, у якой Я мог бы з’есці Пасху з вучнямі Маімі?” І ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы і падрыхтаваны. Там прыгатуеце нам»

Адзін жа з тых, хто стаяў побач, дастаўшы меч, ударыў слугу першасвятара і адсек яму вуха.

У Пальмовую Нядзелю ў касцёле чытаецца ўрывак пра ўрачысты ўезд Езуса Хрыста ў Ерусалім і пра Яго пакуты. Мука Пана нашага Езуса Хрыста адкрывае перад намі гісторыю не толькі аднаго Езуса, але і гісторыі іншых людзей, якія знайшліся на Яго шляху. Гэта і апостал Пётр, каторы не вытрымаў выпрабавання і адрокся ад Хрыста. Гэта і рымскія бязлітасныя жаўнеры, якія бічавалі Збаўцу. Гэта і Бараба, каторага Пілат адпусціў з вязніцы замест Хрыста, Якога асудзіў на пакуты і смерць. Дарэчы, імя “Бараба” азначае даслоўна сын бацькі. Парадаксальна, Божы Сын прымае асуджэнне, не будучы ні ў чым вінаватым. У той час, як іншы сын атрымлівае свабоду замест таго, каб несці адказнасць за свае ўчынкі.

Бог сам займае нашае месца. Ён церпіць за нас, дзеля нас і замест нас. Некаторыя задаюцца пытаннем: для чаго Бог захацеў, каб гісторыя нашага збаўлення прайшла менавіта такую кульмінацыю? Філосаф Сакрат памёр у спакоі, акружаны вучнямі, усходні мысліцель Буда – таксама. Чаму Езус перажыў такія пакуты: здраду, бічаванне, Крыжовы Шлях і ўкрыжаванне? Смерць Хрыста паказвае нам усю драму грэхападзення чалавека, тую прорву, якая ўтварылася паміж Богам і людзьмі, калі яны далі згоду на грэх. Пачынаючы ад Адама і Евы, чалавецтва было б у вечным тупіку, калі б не Божае Слова, якое пасялілася паміж намі, стаўшы адным з нас, пражыўшы наш лёс і перамогшы цемру. У тым і заключаецца неверагодная моц Хрыста, што Ён – не проста зямны настаўнік, філосаф і мысляр. Хрыстус – гэта і Бог і Чалавек. Таму Яго слова мае такую моц і актуальнасць па сённяшні дзень. Таму нашае збаўленне неадменнае і прасціраецца ў вечнасць.

Аднак дзе маё месца ва ўсёй гэтай гісторыі? Можа, я памыліўся ў сваім жыцці і не раз? Ці раскаяўся і стаў лепшым? Ці дазваляю Божай ласцы дзейнічаць у маім жыцці, каб збаўленне стала і маім удзелам? Я атрымаў у дар ад Бога свабодную волю. Што яна выбера, залежыць толькі ад мяне самога.

Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі