Езус сказаў Нікадэму:
Як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі. Таму кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не адкрыліся яго дрэнныя ўчынкі. А хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу.
Евангелле ўказвае нам на Хрыста як на адзінага Збаўцу. Збаўленне чалавецтва адбылося на крыжы. На ім быў узвышаны Збаўца за грахі ўсяго чалавецтва. Езус пераконвае Нікадэма, што Бог не з’яўляецца помслівым суддзёй. Ён не жадае смерці для чалавека, таму што Сам з’яўляецца Жыццём. Аднак перад праўдай Божага аб’яўлення нельга быць нейтральным. Неабходна зрабіць выбар або на карысць святла, або на карысць цемры. Бог дае нам неабходныя сілы, каб не памыліцца ў гэтым выбары. Святы Бернард з Клерво сказаў: Пагадзіцца – гэта значыць быць збаўленым. Нам усяго толькі трэба прыняць Божую волю аб збаўленні. Маральны выбар тут неабходны.
Чаму многія людзі ўсё-такі выбіраюць цемру замест святла? Езус тлумачыць гэта іх прывязанасцю да граху. Святло рассейвае цемру, яно дае магчымасць самому і іншым заўважыць усю праўду. Святы Аўгусцін сказаў, што людзі любяць праўду за тое святло, якое яно пралівае, але ненавідзяць яго, калі яно выяўляе, у чым яны не мелі рацыі. Езус гаворыць нам у Евангеллі: хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу. Асабліва ў Вялікім Посце трэба даць магчымасць Божаму святлу асвятліць нашае жыццё. Каб вера нашая стала больш глыбокай, бо ў ёй – крыніца нашага збаўлення.
Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
для друку