У той час:
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі. Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: Ойча, дай належную мне частку маёмасці. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна.
А калі ён аддаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў іх яму.
Апамятаўшыся, ён сказаў: Колькі наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.
А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся. І, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Бацька ж сказаў слугам сваім: Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў памерлы і ажыў, прапаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
А старэйшы сын ягоны быў на полі. І калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся: Што гэта такое. Той адказаў яму: Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым. Ён разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў бацьку: Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляня, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля.
Ён жа адказаў яму: Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся.
Малодшы сын кажа бацьку: дай мне частку маёмасці. У часы Хрыста, ды і сёння таксама гаворка пра спадчыну ідзе пераважна тады, калі бацькі паміраюць. Нават, калі завяшчанне састаўляецца пры жыцці, усё роўна спадкаемца мае права на спадчыну толькі пасля смерці бацькоў. Што ж атрымліваецца? Сын патрабуе частку маёмасці, не маючы на яе ніякіх правоў, як быццам бы бацька меў памерці. Прытча пра блуднага сына нагадвае нам яшчэ раз, што ўсё, што мы маем – гэта ўсяго толькі дар. Нават нашае жыццё нам не належыць. Гэта ёсць Божы дар, за які варта няспынна дзякаваць.
У далечыні ад Айца Нябеснага любы чалавек асуджаны на пакуты і цемру. Прытча нам нагадвае пра тое, што выхад са складаных нашых жыццёвых сітуацый толькі адзін – вярнуцца да Айца. Толькі Ён можа адарыць нас ізноў сваёй ласкай. Паглядзім на карціну Рэмбрандта “Вяртанне блуднага сына”. Сын кленчыць перад бацькам. Ад бацькі святло распаўсюджваецца на сына. Усе іншыя персанажы знаходзяцца ў паўзмроку. Святло ідзе ад бацькі і ахінае таго, хто да яго вяртаецца. Знамянальны жэст абдымкаў. Бацька абдымае сына, усклаўшы на яго рукі. Ці не нагадвае нам гэты жэст жэсту працягнутай рукі святара падчас споведзі, калі ён адпускае нам грахі? Споведзь – гэта Божыя абдымкі. Гэта той момант, калі мы вяртаем сабе Божае сыноўства, згубленае па нашай віне. У час Вялікага посту вернемся да Айца. Ён нас чакае.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку