Разважанне на IV Нядзелю Адвэнту. Год А. 18 снежня

Евангелле Мц 1, 18–24

Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.

Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.

А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае «з намі Бог». Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.

Св. Ян Хрызастом заўважае, што Біблія даволі часта апісвае нейкія падзеі іменем. Так сталася і ў выпадку з Божым Сынам. Дадуць Яму імя Эммануэль – не азначае, што гэта асабістае імя Месіі. Гэта азначае, што з Месіяй звязаны шэраг падзей, якія прывядуць усіх людзей да блізкіх адносін з Богам, да збаўлення роду людскога. Езус сваім жыццём паказаў нам, што Бог хоча быць з чалавекам. Але ці хоча гэтага сам чалавек?

Чэстэртан у кнізе «Вечны Чалавек» заўважае, што Езус нарадзіўся ў Бэтлееме ў пячоры і таму можам Яго назваць Пячорным Чалавекам. Археолагі з запалам шукаюць стаянак першабытных людзей, з захапленнем даследуюць роспісы з дзікімі звярамі на сценах пячор. Тыя малюнкі распавядаюць пра далёкі свет першых людзей. Божы Сын прыходзіць у свет таксама ў пячоры, нараджаецца сярод жывёлы, таму што не знайшлося Яму месца сярод людзей. У такіх умовах нараджаецца новае стварэнне і новы свет, піша Чэстэртан. Але, калі старажытныя роспісы – гэта ўсяго толькі гістарычная выява, то Езус ствараючы ўсё новае, надае яму жыццё. Божы свет – гэта свет жыцця, надзеі і любові.

Нам застаецца толькі здзіўляцца і захапляцца пакорай нашага Бога-Любові, які захацеў дзеля нас стаць Пячорным Чалавекам. Сучасныя людзі так ганарацца дасягненнямі сваёй цывілізацыі, так радуюцца ўсё штораз больш новым дэвайсам і прыладам. Але вялікая ісціна пра вечнае шчасце хаваецца не ў ганарыстым прагрэсе, а ў той закінутай бэтлеемскай пячоры-хлявушку, дзе на свет прыходзіць Божы Сын, як адзін з нас. І Яго місія вельмі простая: запрасіць нас, каб мы сталі такімі як Ён.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі