ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 2, 13–25
Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Ерузалем. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне.
На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць? Езус сказаў ім у адказ: Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе.
І сказалі юдэі: Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні?
Казаў жа Ён пра святыню цела свайго. І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
І калі Ён быў у Ерузалеме на свяце Пасхі, многія, убачыўшы ўчыненыя Ім цуды, паверылі ў імя Ягонае. Але сам Езус не давяраўся ім, бо сам ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.
Ерусалімская святыня была для яўрэйскага народа нечым выключным і святым. Кожны ізраільцянін мужчынскага полу меў абавязак адбыць паломніцтва туды з нагоды свята Пасхі. Езус, каторы прыйшоў у гэты свет не для таго, каб адмяніць Закон, а каб выканаць яго, таксама прыходзіць, як і тысячы іншых пілігрымаў, у святыню. Аднак Яго рэакцыя на ўбачанае там вельмі суровая. Ён выганяе гандляроў са святыні.
Адкуль наогул там з’явіліся ўсе гэтыя мянялы і прадаўцы жывёлы? Справа ў тым, што пакланенне Адзінаму Богу Ізраэля павінна было адбывацца праз ахвярапрынашэнне. Пасха – гэта свята, якое нагадвае пра цудоўны пераход выбранага народа праз Чырвонае мора. Адным з элементаў святкавання гэтага дня было спажыванне мяса ахвярнага ягняці. Святар забіваў прынесенае пілігрымам ягнятка, праводзячы абрад ахвярапрынашэння. Забітую жывёлу вярталі паломніку, каб той мог з’есці з сям’ёй рытуальную вячэру. Мянялы мелі попыт у святыні, таму што тысячы пілігрымаў прыходзілі ў Ерусалім з розных канцоў свету, несучы з сабой манеты з выявамі розных уладароў і каралёў. Такія манеты не прымаліся ў храме. Таму іх неабходна было памяняць на патрэбныя, чым і займаліся мянялы.
Яўрэі не разумеюць словаў Хрыста пра адбудаваную за тры дні святыню. Яны яшчэ добра памятаюць, з якімі вялікімі намаганнямі праходзіла адбудова каменнага храма. Яна пачалася ўсяго толькі ў 19 годзе да Нараджэння Хрыста пры каралю Ірадзе Вялікім. А некаторыя элементы ўсцяж дабудоўваліся нават у 70 годзе, калі храм быў татальна знішчаны. Езус насамрэч гаварыў пра святыню свайго Цела. Сёння няма таго прыгожага ерусалімскага храма. Але ёсць нешта большае і велічнае: Сакрамант Цела і Крыві Хрыста! Святая Эўхарыстыя адпраўляецца на ўсіх кантынентах зямлі. Сам Бог прысутны сярод нас. Гэта вялікі дар для ўсяго чалавецтва.
Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
для друку